28.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, грамадства, палітвязьні, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя Палітвязня Сяргея Савіча асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за адно паведамленне ў Telegram. Суддзя Валянціна Куніцкая прызнала яго вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Аляксей Ярошык.  

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што 15 снежня 2020 года ён пакінуў каментар у тэлеграм-чаце "Пинск для жизни". Згодна з пазіцыяй абвінавачання, гэтым ён заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

kamentar_savich.jpg
Аўтарства менавіта гэтых каментароў прыпісваюць Сяргею Савічу

Што казаў палітвязень?

Сяргей Савіч не прызнаў віну. Ён сказаў, што не памятае, каб пісаў такі каментар, хоць калі Telegram-ID карыстальніка супадае з яго, значыць, аўтар ён. Аднак адзначыў, што для яго нехарактэрна такое выказванне, і хутчэй за ўсё па спасылцы на YouTube, якую ён таксама пакідаў (відэа неўзабаве было выдаленае) быў ролік з нейкім грубым парушэннем закона, праз што ён мог пакінуць такое эмацыйнае выказванне.

Акрамя таго на судзе Сяргей казаў. што частка яго знаёмых і сваякоў працуюць у органах, а пра іх ён не мог сказаць такое, што напісана ў паведамленні. Таму на момант напісання дакладна не меў на ўвазе ўсіх праваахоўнікаў. Савіч разумеў, што яго паведамленне будзе даступна вялікай колькасці людзей для чытання. Але мужчына адзначыў, што не ў поўнай меры ўсведамляў, што гэта можа заахвоціць кагосьці на актыўныя дзеянні.

Ён удакладніў, што пад "мусора" мог мець на ўвазе злачынцаў ці людзей ніжэйшага сацыяльнага пласта. А пад тымі, хто ім дапамагае, ў той момант меў на ўвазе людзей, якія дапамагаюць іншым людзям здзяйсняць злачынствы, напрыклад набыццё зброі.

Савіч заявіў, што шкадуе аб тым, што пакінуў такі некарэктны каментар, які супрацоўнікі органаў маглі прыняць на свой рахунак. Ён падкрэсліў, што сам каментар ніяк не звязаны з пратэстамі ў агульным.

Што казалі ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца Ярошык быў упэўнены, што каментар Савіча быў звязаны з пратэстамі. На ягоную думку, гэта пацвярджаецца "пратэсным накірункам" тэлеграм-чата і прыцягненнем Савіча да адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП. Пракурор таксама спаслаўся на першы допыт палітвязня, падчас якога Савіч прызнаўся, што ён напісаў каментар, начытаўшыся інфармацыі ў інтэрнэце, а пад "мусорами" меў на ўвазе ўсіх супрацоўнікаў міліцыі. Абаронца палітвязня падкрэсліла, што гэты допыт адбываўся пасля затрымання паводле адміністрацыйнай справы, значыць, не можа разглядацца як доказ віны. Сам Савіч адзначыў, што тады знаходзіўся ў шокавым стане, подпіс пад такім пратаколам паставіў, не азнаёміўшыся са зместам. І наогул у той дзень у РАУС у яго спачатку рэзка падняўся, а потым рэзка апусціўся ціск, і яго там амаль што "адкачвалі".

Ярошык папрасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі — суддзя пагадзілася з гэтым тэрмінам.

Сяргея Савіча затрымалі ў пачатку жніўня 2022 года ў Пінску. Яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост з тэлеграм-канала, але пасля "сутак" ён не выйшаў на волю. Стала таксама вядома, што ў адносінах Савіча таксама ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. 

Крыніца: Палітвязня асудзілі на тры гады калоніі за паведамленне ў Telegram