26.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, грамадства, палітвязьні, перасьлед, ціск, рэпрэсіі, справа Вясны У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Міліцыя апытала бацьку ксяндза Вячаслава Барка
Бацька каталіцкага святара Вячаслава Барка жыве ў Міёрах Віцебскай вобласці. Яго апыталі ў сувязі з удзелам ксяндза ў відэа для канала "Хартыя-97", апублікаваным два месяцы таму.
Пытанні датычыліся таго, ці ўжывае ксёндз Вячаслаў алкаголь і наркотыкі, ці мае маёмасць і калі вернецца ў Беларусь.
Ксёндз Вячаслаў Барок — вядомы каталіцкі святар, аўтар ютуб-канала. У 2021 годзе быў змушаны выехаць у Польшчу ў сувязі з палітычным пераследам. Цяпер кіраўнік беларускай каталіцкай супольнасці ў Варшаве.
Удзельнікі гурта Litesound знаходзяцца на «Валадарцы»
Праваабаронцам стала вядома, што браты-музыкі Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знаходзяцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Нагадаем, пра іх затрыманне праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 13 кастрычніка — паводле іх, браты «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».
Справу «Вясны» перадалі ў пракуратуру
Дзяржаўная газета «СБ» са спасылкай на СК паведамляе пра тое, што крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковічаперададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Паводле ведамства, праваабаронцы нібыта датычныя да кантрабанды 290.000$ праз мяжу Беларусі, а таксама да «аплаты штрафаў тых асоб, якія здзейснілі правапарушэнні». Алесю, Валянціну і Уладзю пагражае да 12 гадоў калоніі.
Падтрымаць палітвязняў: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Супраць удзельнікаў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета распачата «спецвытворчасць» — іх можа чакаць завочны суд
«Мы працягваем фіксаваць супрацьпраўную дзейнасць усіх удзельнікаў [АПК]. Якія б яны новыя назвы не прыдумлялі — сутнасць застаецца такой жа. Яны як былі людзьмі без радзімы і сцяга, такімі і засталіся. Бо ўсё тое, чым займаецца кожны ўдзельнік пераходнага кабінета — гэта экстрэмісцкая дзейнасць, а кожны іх намер — гэта шкода нацыянальнай бяспецы», — распавёў намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў.
Крыніца: Справа "Вясны" перададзеная ў пракуратуру. Хроніка пераследу 26 лістапада