25.11.2022 Тэгі: грамадства, правы чалавека, гендэрныя правы Сёння, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні жанчын, традыцыйна пачынаецца 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту, якія скончацца 10 снежня – ў Міжнародны дзень правоў чалавека.
Чаму неабходна выкараніць гвалт у дачыненні да жанчын?
Як адзначаецца на сайте Арганізацыі аб’яднанных нацый, гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчынак з'яўляецца адным з найбольш шырока распаўсюджаных і вядучых да катастрафічных наступстваў парушэнняў правоў чалавека ў сучасным свеце.
Дэкларацыя аб выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын, прынятая ў 1993 годзе, вызначае тэрмін “гвалт у дачыненні да жанчын” так: “любы акт гвалту, здзейснены на падставе палавой прыкметы, які прычыняе ці можа прычыніць фізічную, палавой або псіхалагічны шкоду або пакуты жанчынам, а таксама пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус або адвольнае пазбаўленне волі ў грамадскім або асабістым жыцці”.
Гвалт выяўляецца ў фізічнай, сэксуальнай і псіхалагічнай формах, уключаючы:
- гвалт з боку партнёра (збіццё, псіхалагічны гвалт, згвалтаванне ў шлюбе, забойства);
- сэксуальны гвалт і дамаганні (згвалтавання, гвалтоўныя палавыя акты, непажаданыя сэксуальныя авансы, сэксуальны гвалт над дзецьмі, прымусовыя шлюбы, вулічныя дамаганні, пераслед, кіберпераслед);
- гандаль людзьмі (рабства, сэксуальная эксплуатацыя);
- аперацыі на жаночых палавых органах, якія калечаць;
- дзіцячыя шлюбы.
Нягледзячы на тое, што гендэрны гвалт не мае межаў, некаторыя жанчыны і дзяўчынкі асабліва ўразлівыя, напрыклад, маладыя дзяўчаты і пажылыя жанчыны, лесбіянкі, бісэксуалы, транссэксуалы або інтэрсэксуалы, мігранткі і бежанкі, жанчыны, якія прадстаўляюць карэнныя народы і этнічныя меншасці, жанчыны і дзяўчынкі, якія жывуць з ВІЧ або інваліднасцю, а таксама асобы ва ўмовах гуманітарных крызісаў.
Што ў Беларусі?
За апошнія два гады ў Беларусі рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, а сітуацыя з правамі чалавека – пагаршаецца. Непазбежна гэта закранае і жанчын.
За гэты час былі ліквідаваныя амаль усе недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў жанчын, у тым ліку “Радзіслава” і адзіны прытулак для ахвяраў хатняга гвалту, “Гендэрныя перспектывы” і Цэнтр “Яе правы” ды інш. Такім чынам, ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі.
Больш за тое, на дадзены момант за кратамі знаходзіцца 174 палітзняволеных жанчын, а за два гады праваабаронцы зафіксавалі больш за 450 вынесеных палітычна матываваных прысудаў па крымінальных справах. Рэальная ж лічба рэпрэсаваных жанчынаў пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе – невядомая.
У дачыненні да затрыманых часта прымяняецца фізічная сіла, спецсродкі, псіхалагічны ціск, пагрозы фізічнага і сэксуальнага гвалту, а таксама пагрозы адабрання дзяцей ці прычыння шкоды блізкім. Умовы ўтрымання ў зняволенні значна пагаршаюць здароўе жанчын, пры гэтым медыцынская дапамога не забяспечваецца.
Як далучыцца да 16 дзён актыўных дзеянняў?
- Прыходзьце на акцыю ў Вільні
Беларускія фем-актывісткі запрашаюць прыйсці на акцыю ў Вільні 25 лістапада ў 18.00 на плошчу Вінцаса Кудзіркі. Арганізатаркі прапануюць апрануць чорнае аддзенне (total black), а таксама ўзяць з сабой сцягі, плакаты ды свечкі.
- Распавядзіце пра сваю экспертнасць
Ініцыятыва GirlPowerBelarus запрашае кожную з вас падзяляцца ў сацсетках сваёй экспертызай пад хэштэгам #яеэкспертыза. Рабіць гэта можна ў любой форме: ананімна ці публічна.
“Мы хацім, каб вы былі бачнымі. Каб пра вас ведалі, вас запрашалі і з вашым меркаваннем лічыліся. Ваша меркаванне цэннае і важнае для нас, для другіх жанчын, для Беларусі”, - адзначаюць ў GirlPowerBelarus.
Арганізатаркі кажуць, што будуць дзяліцца гісторыямі ў сторыз, каб сітуацыі з дыскрымінацыяй жанчын не замоўчваліся і паведамляць іншым пра гісторыі поспеха.
- Напішыце ліст палітзняволенай
Пішыце лісты падтрымкі ды паштоўкі салідарнасці зняволеным жанчынам і выказвайце сваё захапленне іх сілай і трываласцю ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.
Таксама можна напісаць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці
- Падпішыцеся ў сацыяльных сетках на тэматычныя каналы
Напрыклад, Girls Power Belarus, "Палітвязынка", #FreeMarfa, FreeKita, DafnaFree
Прыдумай любую іншую ідэю ў падтрымку жанчын і дзейнічай!
Крыніца: 16 дзён актыўных дзеянняў: Яднайцеся ў барацьбе за ліквідацыю гвалту ў дачыненні жанчын