25.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, грамадства, палітвязьні, ціск, рэпрэсіі Сёння, 25 лістапада, у судзе Заводскага раёна Мінска агучаны прысуд актывісту анархічнага руху, палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Справу разглядае суддзя Алег Каляда. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 («Хуліганства») і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці») і асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма.
Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова Дзмітрыя Дубоўскага асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма.
Падрабязнасці судовага працэса паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Праз іх стала вядома, што цяпер Дзмітрыя абвінавачваюць паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Тады ў Мінску на тэрыторыю Мінабароны закінулі дымавую шашку, пасля чаго на праезнай частцы адбылася акцыя, падчас якой скандаваліся лозунгі. Таксама Дубоўскага абвінавачваюць у тым, што ён закінуў у вакно апорнага пункта ў Салігорску факел, разбіў кавалкам тратуарнай пліткі шкло у Доме прафсаюзаў і прыняў удзел у падпале філіялаў банка ў Мінску. Таксама яго абвінавачваюць паводле падзей ў верасні 2010 года, калі былі падпаленыя дзверы КПП на Акрэсціна.
Асуджанага да 18 гадоў калоніі палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага судзяць зноў: гэтым разам — паводле падзей 12-гадовай даўніны
Крыніца: Вынесены прысуд палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Канчатковы тэрмін — 20 гадоў калоніі