25.11.2022 Тэгі: суды, правы працоўных, крымінальная справа Алеся Бяляцкага У Мінскім гарадскім судзе 25 лістапада пачынаецца судовы працэс над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў – палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам. Іх абвінавачваюць ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Справу прызначаная разглядаць суддзя Анастасія Папко.
Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасць быў асуджаны да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання — «хатняя хімія». 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваннем».
Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней яго перавялі ў СІЗА-1.
Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні.
У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
Вячаслаў Арэшка — беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Вячаслава змясцілі ў СІЗА КДБ, яму прад'явілі абвінавачванне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.\
Крымінальны пераслед прафсаюзных лідараў і актывістаў застаецца для грамадства таямніцай
Незалежны прафсаюзны рух у Беларусі ліквідаваны
Рашэннем Вярхоўнага суда ў Беларусі 12 ліпеня ліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны "экстрэмісцкай арганізацыяй".
14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэнне па Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ). 18 ліпеня — па Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.
10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.
Падтрымайце палітвязняў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Генадзь Фёдаравіч Фядыніч, Вячаслаў Міхайлавіч Арэшка, Васіль Ціханавіч Бераснеў.