25.11.2022 Тэгі: суды, крымінальны перасьлед, палітвязьні У судзе Шклоўскага раёна 9 лістапада 40-гадовага палітзняволенага Івана Зянько асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год ў калоніі. Гэта ўжо трэці суд над Іванам за два гады знаходжання за кратамі. Цяпер палітвязень чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў магілёўскай турме № 4, таму кожны чалавек можа падтрымаць Івана любым зручным спосабам. "Вясна" распавядае пра пераслед палітвязня Івана Зянько.
Крымінальныя справы за падзеі 2020 года
Мінчука Івана Зянько затрымалі 20 кастрычніка 2020 года. У сакавіку мінулага году Івана судзілі з Яўгенам Бароўскім, Аляксеем Драбай і Уладзімірам Кацкелем. Іх абвінавачвалі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), наўмысным пашкоджанні маёмасці (арт. 218 КК).
Мінскай чацвёрцы, якая адбіла ад амапаўцаў чалавека, — ад чатырох да пяці гадоў калоніі і вялікая кампенсацыя пацярпелым
Падзеі, за якіх іх судзілі, адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” абвінавачаныя перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, распачалі з імі бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Па справе пацярпелымі выступалі сем супрацоўнікаў АМАПу.
Зянько сваёй віны на судзе не прызнаў, а сказаў:
"На сто адсоткаў не вінаваты, адмаўляюся даваць паказанні".
Фігуранты гэтай справы на судзе заяўлялі пра катаванні. Іван распавёў, што яго збівалі, пагражалі згвалтаваннем, здымалі штаны.
Але, негледзячы на заявы аб катаваннях, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Юля Блізнюк па запыце пракуроркі Валерыі Таратынкі асудзіла Івана Зянько да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Адбываць тэрмін Івана Зянько накіравалі ў шклоўскую калонію.
5 студзеня гэтага году Іван Зянько стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У сувязі з гэтым Івана перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Вядома, што 16 сакавіка палітвязня змясцілі на 10 сутак у ШІЗА. Але прычына невядомая.
6 і 7 красавіка 2022 года крымінальная справа супраць Зянько разглядалася ў судзе Фрунзенскага рана Мінска. Справу разглядала суддзя Наталля Бугук.
Палітвязня, якому летась прысудзілі 5 гадоў калоніі, цяпер судзілі за «счэпку» 9 жніўня 2020 года
У гэты раз палітвязня абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году, а менавіта блакіроўку руху транспарту шляхам «счэпкі» з іншымі неўстаноўленымі асобамі. Асноўным доказам па справе выступала відэа, на якім «неўстаноленая асоба» спартыўнага целаскладу інструктуе пратэстоўцаў, як стаць у «счэпку». На судзе адвакат выказаў здагадку, што гэта аператыўны супрацоўнік міліцыі:
«Відавочна, што гэта неўстаноўленая асоба правацыравала астатніх для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым, твар яго зарэтушаваны. Нельга выключаць, што гэта супрацоўнік праваахоўных органаў. Бо інакш, як растлумачыць наўмыснае ўтойванне яго твару на відэа? А орган папярэдняга следства так і не ўстанавіў яго асобу. На мой погляд, устанавіць гэтую асобу не ўяўляла асобай цяжкасці».
Таксама ў матэрыялах справы ёсць некалькі фотаздымкаў. Іных доказаў віны Зянько няма.
Напачатку суда Зянько адмовіўся ўставаць, за што суддзя папярэдзіла яго аб адказнасці. У апошнім слове палітвязень сказаў:
«Рад бачыць родных, блізкіх, сяброў. У мяне ўсё ў парадку, я набіраюся сілаў, я здароў. Магчыма, там быў я ў першых шэрагах. Але калі я выйду, я дакладна буду ў першых шэрагах».
Пракурорка запрасіла для Івана Зянько па новай крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса два гады калоніі — менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Бугук. Але на выніковы тэрмін гэта не паўплывала: у выніку палітвязень асуджаны да пяці гадоў калоніі.
ШІЗА, ПКТ і новая крымінальная справа
У канцы лета Івана зноў этапавалі пасля разгляду апеляцыі ў шклоўскую калонію № 17. Амаль адразу яго змясцілі ў штрафны ізалятар за "парушэнне парадку". Пасля гэтага адміністрацыя калоніі адправіла Івана ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да 19 лістапала і ініцыявала ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле арт. 411 КК. Разгляд новай крымінальнай справы быў прызначаны на 21 кастрычніка, але пасля першага пасяджэння быў абвешачаны перапынак. Суд праходзіў на тэрыторыі калоніі, куды можна трапіць толькі з дазволу начальніка ўстановы.
9 лістапада суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год ў калоніі. Пасля суда палітвязня перавялі ў магілёўскую турму № 4 да разляду апеляцыйнай скаргі. Цяпер кожны чалавек можа падтрымаць Івана грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі і медыцынскімі бандэролькамі. Гэта будзе добрай падтрымкай не толькі для Івана, але і для ягонай сям'і.
Падтрымайце Івана грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі і лістамі па адрасе:
Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Іван Аляксандравіч Зянько