Мінск, жнівень 2020 года. Фота з сацыяльных сетак. Суд Ленінскага раёна Мінска 27 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мужа і жонкі Віталя Мацюша і Наталлі Ганапольскай, абвінавачаных ва ўдзеле ў жнівеньскай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.

Віталь Мацюш да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, Наталля Ганапольская знаходзілася на волі пад залогам.

Столяр Віталь Мацюш і лагіст Наталля Ганапольская, якія пражываюць у Мінскім раёне, даведаўшыся аб плануемай акцыі пратэсту ў Мінску падыйшлі да Стэлы і далучыліся да пратэстуючых.

Па матэрыялах абвінавачання, яны, дэманструючы пратэстны знак у выглядзе жэсту “вікторыя”, а таксама стужкі белага і чырвонага колераў, рухаліся па тэрыторыі горада Мінска ад Стэлы ў бок праспекту Незалежнасці, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў спыненні гарадскога пасажырскага транспарту.

Віталь Мацюш у судовым пасяджэнні віну прызнаў цалкам, сказаў, што ўбачылі з жонкай, як група грамадзян з сімволікай накіроўвалася ў бок пр-та Незалежнасці. Яны таксама вырашылі прайсці з натоўпам, перасоўваліся пры гэтым па тратуары. Дайшоўшы да праспекту ўбачылі, што праезная частка перакрытая супрацоўнікамі міліцыі. У нейкі момант выйшлі з жонкай на праезную частку паблізу пешаходнага пераходу, каб сфатаграфавацца, пры гэтым на запясце ў кожнага з іх мелася бел-чырвона-белая стужка. Пасля яны накіраваліся дадому. Не памятае, ці выказвалі супрацоўнікі міліцыі патрабаванні разысціся і спыніць супрацьпраўную дзейнасць. Лозунгі не выкрыкваў, гучных воплескаў не здзяйсняў. У зробленым раскайваецца.

Падобныя паказанні суду дала і Наталля Ганапольская.

Суд пастанавіў прызнаць мужа і жонку вінаватымі і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады кожнаму.

Віталя Мацюша вызвалілі ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе.

Крыніца: За жэст "вікторыя" і бел-чырвона-белыя стужкі на акцыі пратэсту ў Мінску вынеслі прысуд сямейнай пары