У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска разглядзелі справу аб змене пакарання палітзняволенаму баранавіцкаму блогеру Дзмітрыю Цімафееву на больш жорсткае. Суд пастанавіў перавесці палітвязня з папраўчай установы адкрытака тыпа ў папраўчую калонію тэрмінам на тры месяца і 15 дзён. Гэта была ўжо другая спроба адміністрацыі віцебскай ПУАТ узмацніць пакаранне Цімафееву. У першы раз суд адмовіў, палічыўшы рашэнне заўчасным. З чэрвеня палітвязня ўтрымлівалі больш за 70 сутак у штрафным ізалятары па надуманых прычынах, а на судзе ён заявіў пра невыносныя ўмовы ўтрымання ва ўстанове. За час зняволення ў Дзмітрыя вельмі сапсавалася здароўе: пачаліся сур'ёзныя праблемы з зубамі, выявілі хранічны дыябет і грыжу. "Вясна" распавядае пра пераслед Дзмітрыя Цімафеева і ўмовы ўтрымання ў ПУАТ-9. 51-гадовага баранавіцкага блогера Дзмітрыя Цімафеева 17 лютага 2021 года асдузілі да двух гадоў "хіміі" за абразу начальніка аддзела ДАІ Бабруйскага гарвыканкама Віталя Паддубскага (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Згодна з матэрыяламі справы, у чэрвені 2020 года ў сюжэце YouTube-канала 6tv.by Цімафееў, выйшаўшы з Магілёўскага абласнога суда, дзе ён абскардзіў пастановы аб арышце за нібыта ўдзел у Антыпарадзе ў Бабруйску 9 траўня, выказаў абразлівыя словы ў адрас Паддубскага. Ён назваў міліцыянта бездарам, які не ведае ПДР, і злачынцам.
Блогера асудзілі да двух гадоў "хіміі" за абразу высокапастаўленага бабруйскага даішніка
Тэрмін Цімафеева накіравалі адбываць у віцібскую ПУАТ-9 ад 17 чэрвеня 2021 года. Ужо на чацвёрты дзень знаходжання ва ўстанове Дзмітрыя паставілі адразу на два прафулікі: "схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці" і "схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў". Пастаноўка на прафулік у ПУАТ прадугледжвае 14 пастраенняў у дзень. Таксама Дзмітрыю была выдана забарона на выхад з ПУАТ, таму ён самастойна не мог нават наведваць краму і вымушан быў або прасіць людзей, каб яны купілі прадукты, або рабіць "дастаўку" з крамы. З чэрвеня гэтага года Дзмітрыя ўтрымлівалі ў ШІЗА мінімум 73 дні, 60 з якіх амаль бесперапынна. Штрафны ізалятар знаходзіцца ў ІЧУ г. Гарадок.
У сярэдзіне жніўня ў Віцебску адбыўся першы суд па змене пакарання Цімафееву на больш жорсткае. Ініцыятарам выступіла адміністрацыя ПУАТ-9, якая прапанавала перавесці палітвязня ў калонію за шматлікія "парушэнні".
На момант першага суда на палітвязня было складзена шэсць рапартаў за "парушэнне парадку": знаходзіўся без пасведчання асобы, правёў і выклаў "стрым" у сацыяльных сетках, спаў сідзя, адмовіўся ад працы прыбіральніка, захоўваў абразок і фільтр для вады на падваконні. За гэта адміністрацыя карала Цімафеева 10-сутачнай "дысцыплінарнай ізаляцыяй", а таксама вымовамі.
Прадстаўнік папраўчай установы Іван Спосабаў на судзе адзначыў, што 29 чэрвеня палітвязень адмовіўся працаваць прыбіральнікам памяшканняў. Пры тым, згодна з заканадаўствам, асуджаныя абавязаны працаваць па накіраванні адміністрацыі ПУАТ, таму адмова ад працы з'яўляецца парушэннем. Але, па словах Дзмітрыя, яму проста не прапаноўвалі аніякую працу з пачатку адбыцця тэрміна. За год ён працаваў толькі два з паловай тыдня ў студзені 2022 года, але яму не працягнулі кантракт.
Праз дрэннае здароўе яму цяжка знайсці працу.У Дзмітрыя выявілі хранічны цукровы дыябет і грыжу, а таксама ў яго гіпертанія і толькі адна нырка. Пасля скаргаў на здароўе медыцынская дапамога супрацоўнікамі ўстановы, паводле палітвязня, не аказвалася, толькі некалькі разоў выклікалі хуткую дапамогу. Дзмітрыю нават не далі прайсці медкамісію, а проста падпісалі яе без палітвязня. Але пры гэтым адміністрацыя ўстановы сцвярджае, што ён працаздольны. Толькі нядаўна яму прапанавалі працаўладкавацца прыбіральнікам у ПУАТ.
Спосабаў не змог дакладна адказаць суддзі, ці падпісвалі медыцынскі дакумент, які сведчыць пра тое, што Цімафееў можа працаваць прыбіральнікам, асабіста палітвязню або без яго. Пры тым сам Цімафееў сцвярджаў, што Спосабаў хлусіць і дакладна ведае, што палітвязня азнаёмілі пазней ужо з копіяй гэтага дакумента.
Па словах палітвязня, ён часта піша заявы на сустрэчы з лекарам, але гэтага не адбываецца. Яму нават афіцыйна начальнік дазволіў сядзець на ложку, пры тым што астатнім гэта забаронена. За час зняволення палітвязень двойчы перахварэў на каранавірус. Дзмітрыю часта баліць спіна, таму неабходна піць абязбольныя. Палітвязень адзначае, што іх яму не выдуюць падчас "сутак" у штрафным ізалятары.
Аднойчы, калі ў Цімафеева зноў падняўся ціск, ён папрасіў або дазвол на тое, каб прылегчы, або выклікаць хуткую дапамогу. У выніку прылегчы яму не дазволілі, бо нібыта выклікалі лекараў. Праз некаторы час ён спытаў, ці дакладна яны прыедуць і дзяжурныя яго ўпэўнілі, што хвалявацца няма чаго. Як пазней высветлілася, лекараў так і не выклікалі, таму яму прыйшлося прасіць зноў. У выніку хуткая дапамога прыехала да яго толькі праз тры гадзіны і 15 хвілін.
Падчас працэсу суддзя Алена Грэбянчук здзівілася, навошта адміністрацыя за адзін дзень выпісвае вязням адразу дзве пастановы аб прыцягненні да адказнасці. Іван Спосабаў адказаў, што "на разгляд парушэння даецца 10 дзён, нават калі асуджаным было дапушчана 10 парушэнняў, то цягам 10 дзён можа быць вынесена хоць 10 дысцыплінарных спагнанняў".
У выніку суд у пераводзе адмовіў, палічыўшы рашэнне заўчасным. Тады пракурор падаў пратэст на рашэнне суддзі, разгляд якога адбыўся 28 кастрычніка — за тры дні да новага суда па замене "хіміі" на калонію. Віцебскі абласны суд пакінуў пастанову суда без зменаў.
31 кастрычніка падчас ужо другога суда тыя шэсць парушэнняў, якія былі заяўлены на першым судзе, да разгляду не прымаліся. Гэтым разам палітвязня прапанавалі перавесці ў калонію за тры парушэнні: знаходзіўся ў службовым памяшканні ў "кроксах" [тапках], а таксама не прыбраўся ў пакоі і туалеце.
Паводле палітвязня, 22 жніўня яго выклікалі да дзяжурнага і паведамілі пра два новых рапарта за "парушэнне парадку". Яму адразу прызначылі па 10 сутак ШІЗА. Першы рапарт быў складзены за "няправільны" абутак — адміністрацыі не спадабаліся "кроксы", у якіх ходзяць вязні на "хіміі". Пры тым, што гэта распаўсюджаны абутак ва ўстанове, але, па словах Дзмітрыя, спагнанні за гэта выносяць толькі "палітычным". Другі — за тое, што нібыта не прыбраўся ў пакоі. Пры тым, што сам Дзмітрый не бачыць у гэтым парушэння, бо ў гэты дзень была зраблена замена ў графіку і чарга падыйшла, але яго не папярэдзілі.
Трэці рапарт склалі нібыта за адмову прыбіраць у туалеце. Пры тым, што Дзмітрый усё прыбраў і аб'ект быў прыняты. Але ўвесь час адміністрацыя перашкаджала яму прыбіраць і здымала на тэлефон. Калі ён сказаў, што напіша скаргу на тое, што яны нешта здымаюць на асабісты тэлефон, яны ў рапарце зрабілі допіс: "Пагражаў напісаннем неабгрунтаваных скаргаў".
"Асуджаны ўхіляўся ад выканання неаднаразовых законных патрабаванняў прыступіць да прыбірання туалету, дэманстрацыйна ўступаў у спрэчкі, спрабуючы стварыць бачнасць правядзення прыбірання. За ўвесь час прыбірання, інвентар, прызначаны для прыбірання, у рукі не ўзяў. Пагражаў напісаннем неабгрунтаваных скаргаў на дзеянні супрацоўнікаў адміністрацыі", — вытрымка з рапарта.
Дзмітрый на судзе выказаў меркаванне, што адміністрацыя калоніі вельмі прадузята да яго ставіцца, таму бесперапынна выпісваюць спагнанні і рознымі спосабамі ціснуць на яго.
"Вы сказалі, што мае дзеянні нейкім чынам наладжваюць асуджаных супраць адміністрацыі. У тым, што я бараню свае законныя правы — гэта з'яўляецца, з вашага пункту погляду, "паказваць асуджаным,што я іду супраць адміністрацыі". Так, вядома. Я аспрэчваю тое, што ў дачыненні да мяне робіцца няправільна. Я абмежаваны ў волі, але я не абмежаваны ў слове, менавіта пратэставаць супраць пэўных адносін, няправасці. Таму я маю права. А за што я цяпер сяджу па 10 сутак, гэта мы потым разбяромся, і вы будзеце казаць, што менавіта я "негатыўная" асоба?", — сказаў на судзе палітвязень.
У выніку суд 16 лістапада прыняў рашэнне аб узмацненні Дзмітрыю Цімафееву пакарання і змяніў абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ на пазбаўленне волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на тры месяцы і 15 дзён.