Заява праваабарончай супольнасці Беларусі 17 лістапада 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Нам вядома пра асуджэнне і змяшчэнне пад варту:
- Аляксея Кузьміна, узятага пад варту паводле арт. 130 КК за перадачу дадзеных дзяржаўных службоўцаў, датычных да рэпрэсій, у пратэсны Telegram-канал;
- Аляксея Дайнэкі, асуджанага паводле арт. 130 КК за каментары ў сацыяльных сетках да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі;
- Уладзіслава Купрыянава, узятага пад варту паводле арт. 130 КК за перадачу дадзеных дзяржаўных службоўцаў, датычных да рэпрэсій, у пратэсны Telegram-канал;
- Андрэя Ражкова, асуджанага паводле арт. 130, 364, 369, 391 КК за каментары ў сацыяльных сетках да трох гадоў калоніі;
- Сяргея Савіча, узятага пад варту паводле арт. 130 і ч. 3 арт. 361 КК за каментары ў сацыяльных сетках з заклікамі да санкцый;
- Аляксандра Петушкова, асуджанага паводле арт. 130, 293, 342, 368 КК за каментары ў сеціве Інтэрнэт пра неабходнасць аднаўлення пратэстаў, абразу А. Лукашэнкі, удзел у мірных пратэстах да сямі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргея Захаранку, асуджанага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 367, 342, 369, 368, 179, 130, 361-4 за паклёп на А. Лукашэнку, абразу яго і іншых службовых асоб, перадачу дадзеных асобаў, датычных да задушэння пратэстаў, у інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі, да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргея Мацюхевіча, асуджанага за выказванні ў сеціве Інтэрнэт пра магчымасць супраціву падаўленню пратэстаў да трох гадоў пазбаўлення волі;
- Арцёма Воўны, асуджанага паводле арт. 130, 179, 352 КК за перадачу дадзеных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у пратэсныя інтэрнэт-рэсурсы да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Вадзіма Васільева, асуджанага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 342, 361, 361-1, 130, 293, 290-4 за пратэсную дзейнасць у якасці адміністратара Telegram-каналаў да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Станіслава Кузміцкага, асуджанага паводле арт. 293, 290-4, 361, 342 за пратэсную дзейнасць у якасці адміністратара Telegram-каналаў да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Аляксея Кузьміна, Аляксея Дайнэкі, Уладзіслава Купрыянава, Андрэя Ражкова, Сяргея Савіча, Аляксандра Петушкова, Сяргея Захаранкі, Сяргея Мацюхевіча, Арцёма Воўны, Вадзіма Васільева, Станіслава Кузміцкага.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды і меры стрымання пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання, від меры стрымання;
- вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Крыніца: Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 палітычных зняволеных