29-гадовага Андрэя Фаміна затрымалі 27 кастрычніка. Зранку да хлопца заявіліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа ў поўным баявым абмундзіраванні і са зброяй. На гэта сонны Андрэй толькі зрэагаваў: "Можна я прачнуся спачатку?" Адзін з сілавікоў яму сімвалічна адказаў, што ён ужо прачнуўся. Тады паведамлялася, што затрыманы рэдактар самвыду "Вестники". У выніку хлопцу выставілі абвінавачванне за ўдзел у Маршы 30 жніўня 2020 года і перавялі ў СІЗА-1. Прынцыпова не хацеў з'язджаць са сваёй краіны, піша кнігу, дома чакаюць шэсць катоў — "Вясна" паразмаўляла з блізкімі Андрэя і распавядае, што вядома пра хлопца. Андрэй Фамін родам з Магілёва, але жыў у Мінску. Хлопец скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, хоць бацькі спадзяваліся, што ён пойдзе іхняй дарогай і так сама, як яны, будзе юрыстам.

Андрэй Фамін
Андрэй Фамін

"Ён з сям'і юрыстаў, і бацькі хацелі, каб ён ішоў у тым жа кірунку, але ён паступіў у Акадэмію мастацтваў на рэжысуру. Усе, канечне, былі ў шоку, але падтрымалі.

Андрэй вельмі творчы і неардынарны чалавек. Ён цяпер піша кнігу, і гэта сапраўды таленавіта", — распавядаюць блізкія Андрэя.

Яны адзначаюць, што хлопец вельмі шануе сям'ю. Акрамя гэтага, у яго ёсць шэсць катоў.

"Ён спакойны, і яму вельмі не падабаецца, калі ўсе навокал мітусяцца. Андрэй добры чалавек. Ён цэніць сям'ю больш за ўсё ў свеце. У яго шэсць катоў. Андрэй з мамай валанцёрыць, дакладней ягоная маці — у арганізацыі, якая дапамагае жывёлам".

Андрэй Фамін
Андрэй Фамін

З гэтай прычыны ён нават і не дапускаў думак пра пераезд — не хацеў пакідаць сям'ю. Таксама ён прынцыпова не збіраўся з'язджаць са сваёй краіны.

"Сям'я — гэта не галоўнае. Сям'я — гэта ўсё", — пісаў неяк на сваёй старонцы ў Instagram Андрэй.

Да затрымання хлопец працаваў капірайтарам. Сілавікі прыйшлі да яго зранку 27 кастрычніка. На відэа затрымання, якое апублікавалі праўладныя Telegram-каналы, можна налічыць не менш за пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і САХРа ў поўным баявым абмундзіраванні са шчытом і зброяй.

Скрыншоты з "пакаяльнага" відэа
Скрыншоты з "пакаяльнага" відэа

"Андрэева маці адчыніла дзверы. Ёй сказалі, што, маўляў, знайшлі нейкія фатаграфіі за 30 жніўня 2020 года [гаворка ідзе пра акцыю пратэсту]. У Андрэя дома знайшлі два прадметы БЧБ-расфарбоўкі. Адзін з іх — значок. Калі яго адводзілі, то сілавік начапіў яго яму на байку".

Паводле блізкіх, Андрэя збівалі — гэта заўважна і на "пакаяльным" відэа, якое апублікавалі на наступны дзень пасля затрымання праўладныя Telegram-каналы.

"Можна я прачнуся спачатку? — адсылаюць да слоў хлопца ў кватэры пасля затрымання блізкія Андрэя, дзе сілавікі яму адказваюць, што ён ужо прачнуўся. — Ён усім так заўсёды кажа. Ну і адсылка да таго, што беларусы зрабілі свой выбар. Вы паглядзіце відэа і зразумееце".

На відэа хлопец сядзіць у байцы і цішотцы "Не смяротнаму пакаранню".

"Сілавікі яму казалі, што надзець. Натуральна, зрабілі гэта спецыяльна: маўляў, глядзіце, затрымалі асабліва небяспечнага злачынца, які супраць нашага цудоўнага рэжыму. Іншых тлумачэнняў няма".

У праўладных каналах паведамлялася, што Андрэй нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Вестники". У выніку хлопцу выставілі абвінавачванне за ўдзел у Маршы 30 жніўня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Андрэй ужо больш за тыдзень знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Блізкім ужо прыйшоў адзін ліст ад яго:

"Пакуль у адзіным лісце піша, што ён у парадку і што калектыў добры".

Андрэй Фамін у родным Магілёве
Андрэй Фамін у родным Магілёве

Блізкія Андрэя кажуць, што любая падтрымка для хлопца будзе важнай.

"У лістах можна пісаць усё што заўгодна, галоўнае — шчыра. У пасылку можна класці гарэхі ў абалонцы, напрыклад, васабі, сыр і іншае".

Падтрымайце хлопца лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Андрэй Валер'евіч Фамін

Крыніца: "Ты ўжо прачнуўся". Гісторыя Андрэя Фаміна, якога нядаўна затрымаў САХР і ГУБАЗіК