У Гродзенскім абласным судзе 16 лістапада асудзілі Андрэя Ханевіча паводле арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш. Як паведаміў, "Беларускі Незалежны прафсаюз", Андрэю паставілі ў віну размову з журналістам “Белсат”, падчас якой мужчына “перадаў нейкія звесткі”. Тэлефон Андрэя праслухоўвалі, размовы запісвалі супрацоўнікі спецслужбаў.

hanievich1100.jpg
Андрэй Ханевіч. Фота "Беларускі Незалежны прафсаюз"

Беларускі Незалежны прафсаюз ліквідавалі ўвесну 2022 падчас таго, як Андрэй адбываў адміністратыўны арышт. Прычынаю ліквідацыі прафсаюза стала спроба арганізаваць страйк на прадпрыемстве нібы "выключна ў палітычных мэтах". Пасля звальнення з прадпрыемства на Андрэя завялі крымінальную справу. 

16 лістапада суддзя Гродзенскага абласнога суда Віталь Кулеш прызнаў Андрэя Ханевіча вінаватым паводле арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

47-гадовы Андрэй Ханевіч працаваў апаратчыкам у цэху "Карбамід - 3" у "Гродна - Азот". Мужчына мае траіх дзяцей. 

Крыніца: Прафсаюзнага лідара Андрэя Ханевіча асудзілі на 5 гадоў калоніі