Крысціна Чаранкова Гомельскі абласны суд 16 лістапада вынес прысуд палітзняволенай з Мазыра Крысціны Чаранковай. Дзяўчыну абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Судовы працэс вёў суддзя Аляксей Хлышчанкоў.

Палітзняволеную Крысціну Чаранкову затрымалі 22 сакавіка ў Мазыры ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у сацыяльнай сетцы Інстаграм.

Да суда Крысціна ўтрымлівалася ў СІЗА № 3 Гомеля.

У Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў, Крысціна публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, не хавала сваіх палітычных поглядаў. А пасля нападу Пуціна на Украіну яна выкарыстоўвала свой акаўнт для выказвання антываенных лозунгаў.

У гомельскім СІЗА-3 дзяўчыну паставілі на ўлік як "схільную да экстрэмізму".

У першы дзень суда 10 лістапада Крысціна адмовілася даваць паказанні, таму на судзе зачыталі яе сведчанні на допытах, піша Радыё Свабода.

Абвінавачаная патлумачыла, што ў жніўні 2020 году міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала нэгатыўна ставіцца да міліцыі.

«Пісала ў Іnstagram у 2020 годзе такія выразы, як „Поздравляю белоруских милиционеров с их Дном“, „Общеизвестный факт — мусора хуже г... на“, „Хороший мент — мёртвый мент“ і іншыя. Допіс „Мусора хуже г...на“ атрымаў паўтары тысячы падабаек. Пісала на эмоцыях. Калі б я ведала, што за гэта будзе крымінальная адказнасць, то не пісала б», — давала паказанні абвінавачаная.

У Гомелі пачынаецца суд над мазыранкай Крысцінай Чаранковай за антываенныя пасты ў Інстаграм

Следчых цікавіла, каго Крысьціна мела на ўвазе, калі пісала «Тупы кавалак бязмозглай біямасы ў балаклаве», «Пацучыная інаўгурацыя», «Голы кароль».

На суд выклікалі экспертку. Тая мусіла патлумачыць, што азначаюць некаторыя выразы. Экспертка зазначыла, што пад словам «мусора» маюцца на ўвазе супрацоўнікі міліцыі, слова мае негатыўную афарбоўку, з'яўляецца пагардлівым, яно ёсць у слоўніку расейскай мовы Ожагава. Пра лічбы «1312» экспэрт нічога не магла патлумачыць, бо ня ведае сэнсу гэтых лічбаў.

Сёння ў судовым пасяджэнні Крысціна выступіла з апошнім словам.

Суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два з паловай гады ва ўмовах  агульнага рэжыму. Прадстаўнік абвінавачання на папярэднім судовым пасяджэнні запатрабаваў болей - тры гады пазбаўлення волі.

Падтрымайце Крысціну: СІЗА №3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Крысціна Аляксандраўна Чаранкова.

Крыніца: Вынесены прысуд мазыранцы Крысціне Чаранковай