Учора ў судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся новы суд над актывістам анархічнага руху, палітвязнем Дзмітрыем Дубоўскім. Справу разглядае суддзя Алег Каляда. Нагадаем, мужчыну ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але ў верасні 2022 года супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 («Хуліганства») і ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці»).
Падрабязнасці судовага працэса паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Праз іх стала вядома, што цяпер Дзмітрыя абвінавачваюць паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. Тады ў Мінску на тэрыторыю Мінабароны забросілі дымавую шашку, пасля чаго на праезнай частцы адбылася акцыя, падчас якой скандыраваліся лозунгі. Таксама Дубоўскага абвінавачваюць у тым, што ён закінуў у вакно апорнага пункта ў Салігорску факел, разбіў кавалкам тратуарнай пліткі шкло у Доме прафсаюзаў і прыняў удзел у падпале філіалаў банка ў Мінску. Таксама яго абвінавачваюць паводле падзей ў верасні 2010 года, калі былі падпаленыя дзверы КПП на Акрэсціна.
Згодна з інфармацыяй праўладных каналаў, у гэтым таксама ўдзельнічалі іншыя палітвязні: Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, а таксама Сілівончык і Веткін. Прапагандысты з упэўненасцю пішуць пра іх віну, хаця прэзумпцыя невінаватасці не дае падставу прызнаць каго-небудзь вінаватым у здзяйсненні злачынства, пакуль на гэта не будзе адпаведнага рашэння суда, якое набыло моц (артыкул 26 Канстытуцыі РБ).
На пытанне, ці з’яўляецца Дубоўскі грамадзянінам Беларусі, ён адказаў, што ён «так званы грамадзянін», бо каля дзесяці гадоў не меў дачынення да дзяржавы. Палітвязень не прызнаў віну і пацвердзіў свой удзел толькі ў падзеях у Салігорску. Аднак ён падкрэсліў, што не лічыць свае дзеянні злачыннымі і не згодзен з іх кваліфікацыяй. Ён патлумачыў свае дзеянні «крайняй неабходнасцю».
У чаканні суда анархіст даслаў ліст (ад 07.11.2022) з урыўкам з верша Эдуарда Асадава:
"Самае галоўнае, гэта тое, што пакуль быў тут, змог хоць зарадзіцца пэўнай энергетыкай, ад усіх тых, хто павітаў мяне тут лістамі, пасылкамі і т. д.!!! Таму можна смела і ўпэўнена працягваць гэты шлях без замяшання і сораму, а наадварот з гонарам. Было вельмі важна адчуць вашу падтрымку!
А тым часам, ужо пачаў свой адлік трэці год майго зняволення. Свой стан і стаўленне да гэтага пастараўся выказаць і перадаць на паштоўцы, якую ўкладваю ў канверт разам з гэтым лістом. ...Жизнь не вечно светит, как звезда. А порою жжет, как черный пламень. И, коль грянет где-нибудь беда, Я прошу вас: сердцем никогда, Никогда не превращаться в камень! З верай у дабро і надзеяй на свабоду! Усё нездарма!!!"
Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці і пасылкамі можна па адрасе: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Дзмітрый Мікалаевіч Дубоўскі.