Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання 15 лістапада распачаў сваю працу ў Берліне. Цяпер у ім бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек з 90 краін свету, у тым ліку і беларускія праваабаронцы: каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда (ПЦ "Вясна"), праваабаронцы Дар'я Рублёўская (ПЦ "Вясна") і Павел Левінаў (БХК). Як заяўлена, Сусветны кангрэс збірае на адной пляцоўцы палітыкаў і прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый. У кангрэсе бяруць удзел і ключавыя сведкі смяротнага пакарання: адвакаты, а таксама людзі, якія былі раней асуджаныя да смяротнага пакарання, — гэта Дэбра Мілке (ЗША) і Яові Азанхіта (Бенін).

Праваабаронцы Дар'я Рублёўская, Андрэй Палуда і Павел Левінаў на Восьмым Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання
Праваабаронцы Дар'я Рублёўская, Андрэй Палуда і Павел Левінаў на Восьмым Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання

Сёлетні Кангрэс закране тэмы інструменталізацыі смяротнага пакарання ў палітычных мэтах. Акрамя таго, пытанне смяротнага пакарання будзе разгледжанае ў звязку з такімі праблемамі, як сэксуальны гвалт, сэксуальныя меншасці і гендарная дыскрымінацыя. Асаблівы акцэнт — на ўключэнне моладзі ў барацьбу супраць смяротнага пакарання, бо адна з пастаўленых мэтаў Кангрэсу — сфармаваць новае пакаленне абаліцыяністаў.

"Цяпер, калі ў Іране паўстае моладзь, у Еўропе бушуе вайна, у Афганістане, Беларусі і іншых краінах дзеецца беззаконне, а Кітай давёў сістэму да поўнай непразрыстасці, як ніколі важна аб'яднацца. Менавіта гэта мэта Восьмага Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання, які выразна арыентаваны на моладзь і новае пакаленне, адданае абароне нашых правоў", — заявіў Рафаэль Шэнуй-Азан, выканаўчы дырэктар арганізацыі "Разам супраць смяротнага пакарання" (Together Against the Death Penalty).

На афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Кангрэсу 15 лістапада выступоўцы згадалі и пра Беларусь у кантэксце поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Акрамя таго, Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы (перашкодай для гэтага з'яўляецца наяўнасць смяротнага пакарання ў краіне).

Кангрэс будзе працаваць да 18 лістапада. Ягоная праграма размешчаная на афіцыйным сайце, таксама можна падлучыцца да жывой трансляцыі. Навіны можна адсочваць і ў Telegram-канале кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання праводзяць раз на тры гады, а ягоны арганізатар — гэта ECPM "Together Against the Death Penalty" ("Разам супраць смяротнага пакарання"). Гэта федэрацыя грамадзянскай супольнасці, якая з 2000 года вядзе кампанію за ўсеагульную адмену смяротнага пакарання. На інтэрактыўнай сусветнай мапе, падрыхтаванай ECPM, можна пабачыць цяперашняе стаўленне да пытання аб смяротным пакаранні ў кожнай з краін свету. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

Крыніца: "У Еўропе бушуе вайна, у Афганістане і Беларусі дзеецца беззаконне". Стартаваў Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання