Кандыдата ў дэпутаты ў Мінгарсавет па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 Галіну Каржанеўскую знялі з выбараў. Рашэнне прыняла 13 лютага Фрунзенская раённая выбарчая камісія.
Як паведамляе прэс-служба БХД, афіцыйная прычына – распаўсюд удзельнікамі яе пікету газеты “Народная Воля”, паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. У газеце сярод іншага быў надрукаваны і матэрыял пра Галіну Каржанеўскую. Гэта ўжо было другое папярэджанне вынесенае Галіне Каржанеўскай. Першае тычылася яе плакатаў. Як адзначыў Дзяніс Садоўскі, рашэнне аб зняцці з выбараў будзе абскарджвацца ў Менскую гарадскую камісію:
"Камісія парушыла не толькі выбарчае заканадаўства, але мае месца факт парушэння свабоды сродкаў масавай інфармацыі, бо падставай для зняцця незалежнага кандыдата стала тое, што на пікеце раздалі некалькі асобнікаў «Народнай Волі”, якая прадаецца ва ўсіх кіёсках, у тым ліку на тэрыторыі гэтай акругі".
У сваю чаргу сустаршыня БХД Вольга Кавалькова падкрэсліла, што, паводле Выбарчага кодэксу, пры наяўнасці двух папярэджанняў выбарчая камісія можа, але не абавязаная здымаць кандыдата.
“Улічваючы тое, што Галіна Анатольеўна не была зарэгістраваная камісіяй адпачатку і яе нерэгістрацыю давялося абскарджваць у Менскай гарадской камісіі, я думаю, што гэта мэтанакіраванае зняцце кандыдата з выбараў. Увогуле ж, паводле скаргаў, пададзеных кандыдатамі ў дэпутаты ў Менскую гарадскую камісіі, Фрунзенская раённая камісія – самая некампетэнтная”, - падкрэсліла яна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Галіну Каржанеўскую знялі з выбараў за “Народную Волю”