У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Актывіст Генадзь Бярдзенеў арыштаваны на 30 сутак 

Генадзя затрымалі 10 лістапада ў Полацку. Ён нядаўна прыехаў з Польшчы, дзе працаваў апошнія тры месяцы і збіраўся ў бліжэйшыя дні зноў вярнуцца назад.

На мужчыну склалі адразу два пратаколы: па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд над ім адбыўся сёння. Яго прызналі вінаватым па двух пратаколах і арыштавалі на 30 сутак.

Каля пяці гадоў таму Генадзь быў адным з ініцыятараў стварэння пярвічнай арганізацыі «Свабодны прафсаюз Беларусі» сярод ІП на Полацкім рынку.

Вольгу Брыцікаву зноў арыштавалі за малюнак "Не вайне", за які яна ўжо адбыла "суткі"

Стала вядома, што сёння над старшынёй незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгай Брыцікавай адбыўся чарговы суд па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетавання). Падставай для пратакола стаў малюнак "Не вайне" на яе старонцы ў фэйсбуку, за які яна адбыла арышт некалькі месяцаў таму. Але суддзя Зінаіда Балаболава зноў прызнала Вольгу вінаватай і асудзіла яе да 15 сутак арышту.

Вольга аб'явіла галадоўку з 8 лістапада. Пра гэта яна паведаміла начальніку ІЧУ, склаўшы адпаведную заяву на яго імя. Прычынай такога ўчынку стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.

Нагадаем, актывістку з 27 лютага ўтрымлівалі за кратамі 75 сутак. Над ёй прайшлі пяць судоў, а суддзя Балаболава кожны раз арыштоўвала Вольгу на 15 сутак.

Беларуса затрымалі за «дэструктыўныя» падпіскі і за тое, што шукаў адваката, каб абскарадзіць судовае рашэнне 

У Чачэрску затрымалі Сяргея Рудзянкова, які нядаўна вярнуўся з Польшчы.

На «пакаяльным» відэа мужчына тлумачыць, што быў затрыманы за падпіскі на «дэструктыўныя» паблікі, а таксама за тое, што шукаў адваката, каб абскардзіць судовыя рашэнні за ўдзел у «несанкцыянаваных» масавых мерапрыемствах.

Сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў СТА «Саня поможет» 

У 2020 годзе там прапаноўвалі бясплатны рамонт пацярпелым ад рэпрэсій.

«У дачыненні да ўладальніка і яшчэ двух работнікаў узбуджаны крымінальныя справы за экстрэмізм, а яшчэ адзін датычны да педафіліі», — цытуе паведамленне праўладнага тэлеграм-канала "Медыязона".

Крыніца: Новыя суткі і затрыманні: хроніка палітычнага пераследу 11 лістапада