У Магілёўскім абласным судзе 21 лістапада ў парадку першай інстанцыі будзе разгледжана справа супраць 20-гадовай былой студэнткі Дануты Перадні па тых жа артыкулах Крымінальнага кодэкса (ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), па якіх яе ўжо асудзілі 4 ліпеня ў судзе Кіраўскага раёна да шасці з паловай гады калоніі. 11 кастрычніка судовая калегія ў Магілёўскім абласным судзе разглядзела апеляцыйную скаргу Дануты. Юрысты "Вясны" адзначаюць, што крымінальная справа супраць Дануты не была падсудна раённаму суду, таму суд Кіраўскага раёна не мог разглядаць яе — гэта парушэнне заканадаўства. Згодна з ч. 1 арт. 268 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса абласному, Мінскаму гарадскому судам падсудныя крымінальныя справы аб злачынствах супраць міру і бяспекі чалавецтва, злачынствах супраць дзяржавы, а таксама аб злачынствах, за якія можа быць прызначана смяротнае пакаранне. Дануце, акрамя абразы Лукашэнкі (арт. 368 КК), ставяцца ў віну заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 1 арт. 361 КК), які адносіцца да злачынства супраць дзяржавы (глава 32 Крымінальнага кодэкса). А значыць крымінальную справу супраць Перадні мог разглядаць толькі абласны ці Мінскі гарадскі суд. Чаму суд Кіраўскага раённага суда разгледзеў гэтую справу —- невядома.
11 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Зямцова разглядзела апеляцыйную скаргу Дануты. Потым дзяўчыну перавялі з СІЗА-5 у СІЗА-3.
Нагадаем, Данута была затрымана 28 лютага 2022 года, калі прыехала на маршрутцы з Кіраўска ў Магілёў. Супраць дзяўчыны ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.
Данута — студэнтка-выдатніца. Вучылася на рамана-германскай філалогіі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, адкуль яе адлічылі пасля затрымання ў лютым 2022 г.
10 чэрвеня 2022 г. КДБ дадаў яе ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Крыніца: Справу палітзняволенай Дануты Перадні, асуджанай да 6,5 гадоў калоніі, будуць разглядаць па-новай