У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 жніўня да дзесяці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 4 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналогаў) Крымінальнага кодэкса асудзілі Віталя Цымончыка. Справу разглядаў Сяргей Кацэр.
Мужчыну судзілі за ўдзел у адным нядзельным Маршы ў Мінску. Таксама, паводле версіі абвінавачвання, Цымончык "з карыслівых памкненняў, жадаючы атрымаць з здзейсненага злачынства для сябе выгаду маёмаснага характару, з уласнай згоды ўвайшоў у папярэдне аб'яднаную кіраваную ўстойлівую арганізаваную групу, у склад якой на розных этапах увайшлі дакладна нявызначаныя асобы, створаную і ўзначаленую нявызначанымі асобамі, з мэтай занятку супольнай злачыннай дзейнасцю ў сферы незаконнага абароту асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, дзе дзейнічаў сталы злачынны механізм па планаванні, арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў на падставе ўзгодненасці, кіравальнасці і згуртаванасці, якая выкарыстоўвае для ажыццяўлення злачыннай дзейнасці нявызначаныя рэсурсы сеціва Інтэрнэт, пры гэтым арганізаваная група характарызавалася стабільным складам асноўнага ядра ўдзельнікаў, размеркаваннем роляў і шчыльнай узаемасувяззю паміж сабой, згуртаванасцю, нязменнасцю формаў і метадаў злачыннай дзейнасці".
Віну Віталь не прызнаў па ўсіх прад'яўленых эпізодах.
На судзе ён распавёў, што падчас Марша ўдзень знаходзіўся па асабістых справах у гандлёвым цэнтры. Яму не было вядома пра тое, што праходзілі масавыя мерапрыемствы. Шпацыруючы, ён прайшоў да "Галоўпаштамта", дзе пабачыў супрацоўнікаў міліцыі са шчытамі, якія перакрылі вуліцу. Калі ён знаходзіўся на праезнай частцы, то папрасіў мінака сфатаграфаваць яго на мабільны тэлефон на фоне супрацоўнікаў міліцыі. Далей з цікаўнасці ён прайшоў тратуарам у кірунку станцыі метро "Няміга" да гасцініцы "Юбілейная", дзе зрабіў адзін здымак на тратуары і на фоне супрацоўнікаў міліцыі і спецтэхнікі, якія перакрылі праспект Пераможцаў. Фота ён запосціў у Instagram.
Цымончык на судзе заявіў, што не ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, не прызнае, што ягоныя дзеянні злучаныя з выйсцем на праезную частку дарогі, пацягнулі блакаванне руху грамадскага і іншага транспарту, перашкодзілі нармальнай працы КТУП "Мінсктранс", выклікалі парушэнне працы транспарту і прадпрыемства. Таксама ён адзначыў, што ягоныя дзеянні не былі спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; узгоднена з іншымі асобамі не дзейнічаў; знаходзіўся ў згаданых месцах з цікаўнасці. Ён не выкрыкваў лозунгі, не пляскаў у ладоні, а таксама не памятае, ці выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні і ці мелі пры сабе пратэсную сімволіку іншыя грамадзяне.
Што да абвінавачвання паводле арт. 328 КК, то Віталь распавёў, што ў Telegram яму прыйшло паведамленне ад незнаёмага карыстальніка з прапановай працы наркакур'ерам. Першапачаткова ён адмовіўся ад прапановы, бо раней ніколі не ўжываў наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы, аднак яму стала цікава, і, праз тое, што не патрабавалася ўносіць заклад ці паведамляць свае асабістыя звесткі, ён працягнуў перапіску з паказаным карыстальнікам і пагадзіўся на ягоную прапанову.
Далей яму даслалі код пацверджання і ён увайшоў у адмысловы акаўнт Telegram, дзе пабачыў перапіску ў чаце "Минск курьер залог". Віталь працягнуў перапіску з невядомым карыстальнікам і пагадзіўся працаваць кур'ерам і закладчыкам, бо ў будучыні "хацеў ашукаць карыстальніка і завалодаць псіхатропным рэчывам для асабістага спажывання". У якасці прыкладу ён зрабіў фотавыявы з апісаннем месца закладкі забароненых рэчываў. З акаўнта яму даслалі паведамленне з каардынатамі і апісаннем месца закладкі псіхатропнага рэчыва ў адным з мікрараёнаў Мінска. Аднак там у яго не атрымалася знайсці закладку з псіхатропным рэчывам, пасля чаго ён вярнуўся дадому. Увечары, калі ён выйшаў з дома, Цымончыка затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
На момант вынясення прысуду Віталь ужо быў пад вартай.
У выніку суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Цымончыку паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса 10 гадоў і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 100 базавых велічынь (3 200 рублёў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў знішчыць вокладку пашпарта, шалік бел-чырвона-белай расфарбоўкі і фотавыяву з надпісам. Меркавана, вокладка і фота былі на пратэсную тэматыку. Прысуд набыў законную сілу — мужчыну этапавалі ў калонію.
Крыніца: Мінчука асудзілі да 10,5 гадоў калоніі паводле "народнага" і "наркатычнага" артыкулаў