Ад раніцы 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу ладзілі затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на "праверку" ў палітзняволеных, асуджаных да абмежавання волі. Таксама вядома, што ў некаторых ПУАТ затрыманні праводзілі і супрацоўнікі КДБ. Па інфармацыі праваабаронцаў, мінімум у 12 папраўчых установах прайшла "зачыстка". Затрыманы мінімум 22 палітвязні, але прозвішчы вядомыя покуль толькі шаснаццаці з іх. Палітвязняў працягваюць судзіць па адміністрацыйных справах і ўтрымліаць у раённых ІЧУ. "Вясна" сабрала хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітвязняў. Раніцай у нядзелю, 30 кастрычніка, адразу ў некалькі папраўчых установаў прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Асуджаных выклікалі на допыты, праводзілі ператрусы, правяралі тэлефоны, а потым некаторых затрымлівалі. Па інфармацыі праваабаронцаў, мінімум сем чалавек ужо асудзілі па адміністрацыйных пратаколах да арышту, яшчэ дзве жанчыны чакаюць суд. Сілавікі пагражалі палітвязням не толькі адміністрацыйнымі справамі, але і крымінальнымі. Вядома, што ў некаторых палітвязняў, чые тэлефоны правяралі міліцыянты, сілавікі зайшлі ў іх тэлеграм-акаунты са сваіх прыладаў.

Затрыманне на "хіміі" ў гомельскай вобласці. Скрыншот відэа на канале сілавікоў
Затрыманне на "хіміі" ў гомельскай вобласці. Скрыншот відэа на канале сілавікоў

Вынікі "рэйду" па папрыўчых установах адкрытага тыпу

Агулам пад "зачыстку" трапілі 12 папраўчых установаў па ўсёй Беларусі.

Так, у ПУАТ-55, якая знаходзіцца ў Мінску, затрымалі шэсць палітвязняў, але вядомыя прозвішчы толькі чатырох: Вячаслаў Смірноў, Віталь Маскалёў, Яўген Банцэвіч і Арцём Міхальцоў.

Раніцай 30 кастрычніка усіх вязняў, якія стаяць на прафуліку, не пусцілі на працу, а пазней да іх прыехалі сілавікі.

Па папярэдняй інфармацыі, іх асудзілі за "непадпарадкаванне міліцыянтам" (арт. 24.3 КаАП) на 15 сутак арышту. Цяпер палітвязняў утрымліваюць у ІЧУ на Акрэсціна.

Таксама ў Мінску быў затрыманы палітвязень Яўген Пак, які адбывае тэрмін у ПУАТ-36. Прычын і падрабязнасцяў затрымання пакуль няма.Нагадаем, мужчыну асудзілі да 1,5 гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) — за размешчаныя ў лістападзе 2020-га ў сацсетцы TikTok тры відэаролікі.

Затрыманні прайшлі і ў Асіповічах. Там быў дакладна затрыманы берасцеец Юрый Вінічук, асуджаны за абразу Лукашэнкі. Па інфармацыі "Брэсцкай Вясны", у ПУАТ-48 людзей паклалі тварамі ў падлогу, правяралі тэлефоны.

У ПУАТ-6 у Сушках кобрынскага раёна сілавікі таксама правяралі тэлефоны ў затрыманых. Паведамляецца пра затрыманне двух палітвязняў — Дзмітрыя Максімчыка і Уладзіміра Хамічкова.

На «хіміі» ў Шклове затрымалі Алега Пасюка. Пра гэта паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, 36-гадовы мужчына нібыта зарэгістраваўся ў чат-боце «плана Перамога», за што і быў затрыманы. Нагадаем, Пасюк адбываў тэрмін у ПУАТ №49за абразу міліцыянта.

У пружанскім ПУАТ-7 затрымалі Аляксандра Сячко. Вядома, што яго ўвезлі ў кайданках супрацоўнікі КДБ. Супраць яго быў складзены пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд над ім адбыўся 2 лістапада ў судзе Пружанскага раёна, але вынік пакуль невядомы.

Пра яго затрыманне таксама паведамілі сілавікі. На "пакаяльным" відэа ён кажа, што зарэгістраваўся ў чат-боце «плана Перамога», але потым заблакаваў і выдаліў яго. Таксама паведаміў, што быў падпісаны на некалькі "экстрэмісцкіх" каналаў, але ўжо адпісаўся ад іх. Гродзенца асудзілі да трох гадоў "хіміі" за SMS-паведамленне камандзіру аддзялення Мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (Акрэсціна) Яўгену Урублеўскаму, якое расцанілі як "пагрозу ўжывання гвалту".

Таксама, па інфармацыі праваабаронцаў, «зачысткі» прайшлі і на «хіміях», дзе свае тэрміны адбываюць палітзняволеныя жанчыны. У «палітычных», забіралі тэлефоны і правяралі іх праз спецыяльныя праграмы. Паведамляецца, што супраць некаторых з іх распачаты крымінальныя справы.

Вядома, што 4 кастрычніка будуць судзіць двух палітзняволеных: Кацярыну Батуру і Алену Лысковіч, якія адбываюць тэрмін на гродзенскай "хіміі" — ПУАТ-25. Справу па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) будуць разглядаць ў судзе Ленінскага раёна Гродна.

"Хімія" — Літва: экс-палітзняволеная фігурантка "справы карагодаў" распавядае сваю гісторыю

Вікторыя распавяла "Вясне" пра падтрымку беларусаў, пра тое, як наладжана жыццё і праца на жаночай "хіміі" і чаму яна вымушана была бегчы з папраўчай установы.

У мазырскай ПУАТ-21 было затрымана адразу пяць палітвязняў, але пазней двух адпусцілі. Цяпер затрыманымі застаюцца: Дзмітрый Іваноў, Вячаслаў Шаблінскі і Андрэй Разуваеў. Сілакі правяралі тэлефоны палітвязняў, чыталі прыватныя перапіскі і шукалі "экстрэмісцкія" падпіскі. У судзе Мазырскага раёна 2 кастрычніка абыўся суд над Разуваевым. Яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэміскціх матэрыялаў". Вынік суда покуль невядомы.

Трох палітвязняў затрымалі і ў ваўкавыскай ПУАТ-29. Гэта Дэвід Шаракоў, Дзмітрый Гурэеў, Арцём Ляшнеўскі. Над імі прайшлі суды: Шаракову і Ляшнеўскаму прызначылі па 6 сутак арышту, а Гурэеву — 20 базавых велічыняў штрафу (640 рублёў). Арышты палітвязні адбываюць у ІЧУ Ваўкавыска.

Пасля "рэйду" ў магілёўскую ПУАТ-43 затрымалі Віталя Маркушэўскага.

Таксама вядома, што затрыманні адбыліся ў гомельскай ПУАТ-17, віцебскай ПУАТ-9 і ў ПУАТ-39 у Крупках. Прозвішчы высвятляюцца.

Што кажуць праўладныя тэлеграм-каналы? 

Аляксандр Сячко на "пакаяльным" відэа
Аляксандр Сячко на "пакаяльным" відэа

Тэлеграм-каналы сілавікоў 31 кастрычніка апублікавалі некалькі пакаяльных відэа з палітвязнямі, якія нібыта прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а пазней яшчэ і відэа з затрыманнямі вязняў за татуіроўкі.

Так, напрыклад, на адным з каналаў сцвярджаецца, што ў гомельскім ПУАТ-17 і мазырскім ПУАТ-21 ГУБАЗіКам і АМАПам "была праведзена вялікая прафілактычная праца, а асабліва непанятлівыя былі затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэнні і змешчаныя ў ІЧУ". На відэа было паказана затрыманне двух вязняў за татуіроўкі з нацыянальным гербам Пагоня і ангельскай абрэвіятурай "ACAB". На іх наўпрост у будынку ўстановы перад астатнімі "хімікамі" надзелі кайданкі і "ластаўкай" павялі ў бус. Ім агучылі, што супраць іх складзены пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

На яшчэ адным праўладным канале з'явілася інфармацыя пра затрыманне асуджанага да "хіміі", які нібыта выдаваў сябе за байца Узброеных Сіл Украіны і збіраў ахвяраванні ў Tik-Tok. Артыкул, па якім ён затрыманы, не ўдакладняецца.

На «пакаяльным» відэа мужчына паведаміў, што адбывае тэрмін паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства). Паводле яго словаў, ад пачатку вайны ва Украіне і па чэрвень гэтага года ён збіраў каля $600 у тыдзень.

Пераслед палітзняволеных "хімікаў"

Больш за год улады працягваюць ціснуць на палітычных вязняў, якія адбываюць тэрміны ў папраўчых ўстановах адкрытага тыпу. Амаль адразу па прыбыцці, асуджаных па "палітычных" справах, ставяць на прафілактычныя ўлікі. Гэта значыць, што ў дзень у іх праходзіць каля 10 "пастраенняў", аддбываецца пастаянны кантроль і спагнанні па надуманных прычынах. Іх тэлефоны правяраюцца адміністрацыяй установы. Некаторых часта змяшчаюць у штрафны ізалятар, дзе ўтрымліваюць у нечалавечых умовах.

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошнія два гады мінімум 23 палітвязням узмацнілі пакаранне і перавялі з "хіміі" ў калонію.

Гэта ўжо не першая масавая "зачыстка" на "хіміях" — мінулы раз такое адбывалася 15 лютага 2021 года. Тады ў васьмі папраўчых установах палітвязняў таксама дапытвалі, забіралі тэлефоны, затрымлівалі, адпраўлялі на "суткі" за рэпосты і ў СІЗА па новых крымінальных справах.

Масавы пераслед палітзняволеных "хімікаў": што вядома цяпер

"Вясна" прыводзіць хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітзняволеных.

Гэта было звязана з тэлеграм-чатам "Валейбол па выхадных", які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Гэты чат аб'ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію". Вядома, што была распачатая крымінальная справа па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Пасля гэтага рэйду былі асуджаныя да пазбаўлення волі па новых крымінальных справах Дзяніс Граханаў і Георгій Васіленка. Іх абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і канчаткова прызначылі з улікам не адбытага раней пакарання зняволенне тэрмінам на адзін год і сем месяцаў

Юрый Касцюк
Юрый Касцюк

Сярод затрыманых тады палітвязняў — Юрый Касцюк, які цяпер зноў утрымліваецца пад вартай. На той момант ён ужо адбыў тэрмін і знаходзіўся на волі, але гэта не спыніла супрацоўнікаў КДБ. Ён атрымаў адміністрацыйны арышт, падчас адбыцця якога да яго завіталі супрацоўнікі КДБ. Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнні на зламаныя рэбры. Крымінальная справа па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса не была спынена.

Юрый быў аб'яўлены ў міждзяржаўны вышук і 15 траўня затрыманы ў Сочы. Ён чакаў экстрадыцыі ў Беларусь. З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і незаконную экстрадыцыю. Яго вярнулі ў цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян, дзе ён зняў пабоі. Яго прымусова вывезлі ў Беларусі, цяпер ён знаходзіцца ў баранавіцкім СІЗА-6.

«Прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі "палітычных"»

У траўні 2022 года ў папраўчых установах № 7, № 39 і № 43 супрацоўнікі КДБ рэгулярна праводзілі ператрусы і «правяралі» тэлефоны.Акрамя гэтага, у жніўні праваабаронцам паведамілі, што 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках прыязджалі супрацоўнікі АМАПу і збівалі «палітычных». Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных матывах, невядомыя. 

«Прыязджаў АМАП, збівалі «палітычных» і прымушалі крычаць «Люблю Лукашэнку, люблю АМАП». Пад канец казалі, што прыехалі па паручэнні начальніка ўстановы Мацука.

«Палітычных па два чалавекі заводзілі ў ленпакой, ставілі да сценкі і малацілі кулакамі і дубінкамі. Запытваліся артыкул, а калі чулі «палітычны артыкул», то яны казалі: «Наш кліент» і малацілі. Некаторых «палітычных» нават ні разу не ўдарылі, а ў астатніх ногі сінія», — распавядалі сведкі.

У студзені на «хіміі» ў Мазыры масава хварэлі зняволеныя, але адміністрацыя перашкаджала іх шпіталізацыі 

У мазырскай папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у студзені 2022 года хварэлі адразу каля 20 асуджаных. Іх змясцілі ў асобны ізаляваны паверх. Некаторых зняволеных з высокай тэмпературай адмаўляліся шпіталізаваць, а супрацоўнікі ПУАТ перашкаджалі прыёму ў паліклініку. Акрамя гэтага, вядома, што начальнік ПУАТ Дзмітрый Дзіваноўскі асабіста тэлефанаваў у паліклініку, каб «хімікам» не падаўжалі бальнічныя.

Таксама зняволеныя ПУАТ №21 распавядалі пра жудасныя ўмовы ўтрымання, якія і сталі прычынай хваробы многіх зняволеных:

«Умовы ўтрымання ў ПУАТ — гэта павольнае забойства людзей. Будынак стары і вонкавыя працы не зробленыя. Усё прадзьмухваецца і цячэ, ад гэтага волкасць. На «адрамантаваным» пятым паверсе па раніцах па сценах цячэ вада і бачныя велізарныя мокрыя плямы ўздоўж столі. Тэмпература ў пакоях даходзіла да сямі градусаў. Эканоміць на атапленні адміністрацыя. Адразу пасля пераезду на новы паверх у людзей пачаўся ранішні кашаль з макроццем, які праходзіць да абеду. Пасля выходных кашаль цяжэй і даўжэй праходзіць».

Крыніца: 22 затрыманыя: што цяпер вядома пра пераслед палітзняволеных "хімікаў"