У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За ўдзел у пратэстах затрыманы 24-гадовы мінчук
Праўладныя каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара сталіцы Віктара Гурко. На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе і выхадзе на праезную частку.
Палітвязня Мікалая Статкевіча зноў маглі змясціць у ШІЗА
У нядаўнім лісце да жонкі палітвязень напісаў, што яго зноў выклікалі на камісі за чарговыя "парушэнні", таму Марына Адамовіч мяркуе, што ён зноў у штрафным ізалятары.
Таксама Мікалай у лісце на волю павіншаваў старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага з Нобелеўскай прэміяй міру:
"Яшчэ раз мае віншаванні Алесю і Наталлі. Вельмі слушнае рашэнне Нобелеўскага камітэта, якое падкрэслівае адзінства прыярытэту правоў чалавека для розных краін. Безумоўна, нічога не ведаю пра ўкраінскага лаўрэата [...], але сама ідэя ўганаравання вышэй за гэта."
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
Напісаць анлайн
У Гродне сілавікі затрымалі Алега Салу, чыноўніка з абласнога ўпраўлення — у "пакаяльным відэа" ён "прызнаецца" ў тым, што галасаваў за Ціханоўскую
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Гродне дзяржслужачага з Гродзенскага абласнога ўпраўлення. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, пісаў у чат-ботах, што хадзіў на акцыі пратэсту, а таксама ў 2020 годзе галасаваў за Святлану Ціханоўскую.
Алег Уладзіміравіч Сала — галоўны дзяржаўны інспектар працы аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мінскай настаўніцы
58-гадовая Алена Цымбаліст была затрымана ў панядзелак, але да гэтага часу невядома, дзе яна знаходзіцца.
Жанчына — ужо больш за 7 гадоў з'яўляецца валанцёрка сабачага прытулк. За гэты час яна прыстроіла і выратавала вялікую колькасць жывёлаў.
Падкаст "Эканоміка з Чалым" прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Як паведамляе @mediazona_by, падкаст з'явіўся у спісе "экстрэмісцкіх" разам з сайтам Беларускага расследвальніцкага цэнтра.
Паводле папярэдняй інфармацыі, старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава затрымана паводле арт. 19.11 КаАП — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Папярэдне, судовы працэс над Брыцікавай адбудзецца 4 лістапада.
Нагадаем, у траўні гэтага года Вольга выйшла на волю пасля 75 сутак за кратамі.
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Ціск на палітвязняў, новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 2 лістапада