Мінскі гарадскі суд 27 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на незалежнага журналіста, палітзняволенага Аляксандра Любянчука.
Яго абвінавацілі у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзелу ў ім (ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Алена Ананіч.
Палітзняволенага журналіста Аляксандра Любянчука затрымалі 26 траўня 2022 года пасля ператрусу ў ягоным доме ў вёсцы Крывічы на Іўеўшчыне.
Да 2020 года Любянчук быў журналістам, трапляў пад арышт за працу на акцыях пратэсту пасля выбараў-2020. У апошнія гады ён шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.
З лістоў журналіста на волю вядома, што ў СІЗА №1 Мінска, дзе яго ўтрымлівалі да суда, у Любянчука значна пагоршылася здароўе.
Судовы працэс пачаўся 24 кастрычніка.
Сёння суд прызнаў журналіста вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.