У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі ГУБАЗіК затрымаў пенсіянера
64-гадовага Аляксандра Румко падазраюць у «рэабілітацыі нацызму» і «распальванні сацыяльнай варожасці» у «Аднакласніках».
Паблік, блізкі да сілавікоў, напісаў, што Аляксандр «распальваў варожасць у дачыненні да міліцыі» і «гераізаваў калабарацыяністаў».
Верагодна, на Аляксандра Румко завядуць крымінальную справу, піша "Гомельская вясна".
Затрыманне ў Мінску
На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася пакаяльнае відэа з заснавальнікам кампаніі Astronim Багданам Караўцом.
Паводле сілавікоў, мужчына затрыманы за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Кнігі Арлова і Бродскага прызнаныя "экстрэмісцкімі"
У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіліся новыя фігуранты: дзіцячая кніга «Балада пра маленькi буксiр» нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, выдадзеная ў выдавецтве «Янушкевiч» у гэтым годзе, і папулярнае выданне «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi» аўтарства Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава.
Адпаведнае рашэнне прынятае 18 кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Менска.
Youtube-канал «Вольны хор» прызнаны "экстрэмісцкім".
Адпаведнае рашэнне прынятае 24 кастрычніка судом Ленінскага раёну Брэста.
Інстаграм-акаўнт «Беларусь на целе» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі
Улады прызналі інфармацыйную прадукцыю instagram-акаўнта пра татуіроўкі беларусаў — «Беларусь на целе» — «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Адпаведнае рашэнне прынятае Ленінскім судом Брэста 24 кастрычніка. Па інфармацыі брэсцкай «Вясны», рашэнне вынес суддзя Андрэй Канючка.
Інфармацыя дапаўняецца.