У Мінскім гарадскім судзе 13 кастрычніка асудзілі палітзняволеных старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" Арцёма Жэрнака і Данііла Чэўнакова. Справу супраць палітвязняў разглядалі ў закрытым рэжыме па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса за "заклікі да санкцыяў, удзел у акцыях пратэсту і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні". Суддзя Наталля Бугук прызначыла Арцёму чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Даніілу — пяць гадоў ва ўмовах узмоцнега рэжыму. 29-гадовы Арцём Жэрнак і 20-гадовы Данііл Чэўнакоў былі затрыманыя 17 лістапада 2021 года. Амаль год яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1.

Данііл Чэўнакоў і Арцём Жэрнак
Данііл Чэўнакоў і Арцём Жэрнак

У Мінскім гарадскім судзе іх судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.

Паведамляецца, што Арцём не згодны з вынесеным рашэннем і мае намер яго абскардзіць. У бліжэйшы час будзе пададзена апеляцыя на прысуд суда.

У кастрычніку хлопцы адзначаюць Дні народзінаў. Павіншуйце і падтрымайце іх: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Данііл Фёдаравіч Чэўнакоў, Арцём Сямёнавіч Жэрнак

Крыніца: Старшыню незалежнага прафсаюзу на "МАЗ" і яшчэ аднаго палітвязня асудзілі да 4 і 5 гадоў калоніі