Алег Дутчык Суд Ленінскага раёна Брэста 24 кастрычніка вынес прысуд 50-гадоваму індывідуальнаму прадпрымальніку Алегу Дутчыку. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 369 Крымінальнагаг кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Андрэй Грушко, дзяржабвінаваўца – памочніца пракурора Ганна Горбач.

Па матэрыялах абвінавачання, напрыканцы верасня 2021 года Алег Дутчык размясціў у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” каментарый, у якім негатыўна адазваўся пра гібель супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў Мінску.

Акрамя гэтага, на працягу мінулага года неаднаразова размяшчаў у розных суполках негатыўныя выказванні з абразамі на адрас прэзідэнта, прыніжаў ягоныя гонар і годнасць.

У ходзе судовага працэсу Дутчык сваю віну не прызнаў.

Суд пастанавіў пакараць Алега Дутчыка пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 100 базавых велічынь, або 3 200 рублёў.

Крыніца: Жыхару Брэста прысудзілі тры гады калоніі за выказванні на адрас супрацоўніка КДБ Федасюка і абразу Лукашэнкі