У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі мінчука за запуск дрона над вайсковай часткай
Стала вядома, што 14 кастрычніка сілавікі затрымалі мінчука, які, як сцвярджаецца, спрабаваў запусціць дрон побач з вайсковай часткай. Пра гэта паведамляе праўладны тэлеграм-канал «Сводки Центра».
Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, піша праўладны тэлеграм-канал.
У "пакаянным" відэа затрыманы кажа, што паспрабаваў запусціць квадракоптар побач з вайсковай часткай. Акрамя таго, сцвярджае мінчук, у 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах.
Спіс «экстрэмістаў» МУС папоўніўся адразу 143-ма прозвішчамі
Большая частка з іх — асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, якія цяпер «адбываюць пакаранне».
Так, у спіс трапілі філосаф Уладзімір Мацкевіч, журналістка Кацярына Андрэева, браты Кім і Аляксей Самусенкі, Зміцер і Наста Дашкевічы, блогер Уладзіслаў Савін, візажыстка Вольга Томіна, Андрэй Маслаў — студэнт, які «хацеў дапамагаць Украіне».
У Гродне быў затрыманы супрацоўнік хуткай дапамогі Артур Хлус
Вядома, што хлопец вучыцца ў ГрДМУ і паралельна працуе на «хуткай». На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» і закліках да масавых беспарадкаў.
Крыніца: Новыя затрыманні і "экстрэмісты": хроніка пераследу 23-24 кастрычніка