Фолькер Цюрк і Антоніу Гутэрыш. Фота: UN Photo/Evan Schneider Вярхоўны камісар па правах чалавека ААН Фолькер Цюрк з Аўстрыі прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 17 кастрычніка 2022 года. На гэтай пасадзе ён змяніў Мішэль Бачэлет з Чылі. International Service for Human Rights імкнецца да таго, каб прыярытэты Вярхоўнага камісара і падыход засноўваліся на досведзе і поглядах праваабаронцаў, і з гэтай мэтай склала збор меркаванняў, які дапаможа фармаваць парадак дня для ягонага мандата. "Вясна" прыводзіць некаторыя з іх.

tushar-baidya-768x768.png

"Я заклікаю новага Вярхоўнага камісара па правах чалавека забяспечыць, каб дзяржавы-сябры працягвалі надзяляцца паўнамоцтвамі і неслі адказнасць за захаванне правоў чалавека ў дачыненні да ўцекачоў, этнічных і рэлігійных меншасцяў і ЛГБТІК+. Я таксама заклікаю яго распачаць дзейсныя крокі па пашырэнні ў дзяржавах-сябрах сферы абароны праваабаронцаў і асобаў, што зазнаюць пераслед, каб узмацніць яго папярэднія ініцыятывы па рашэнні ўзаемазвязаных глабальных праблем, засноўваючыся на даверы, салідарнасці і правах чалавека". Тушар Бейд'я, праграмны дырэктар праекта "Інклюзіўны Бангладэш"

ligia-bolivar-e1666099129192.png

"Вярхоўны камісар павінен аднавіць цэнтральную ролю правоў чалавека ва ўсёй сістэме ААН, аднавіўшы баланс паміж аспектамі свайго мандату ў галіне тэхнічнай дапамогі і абароны, узмацніўшы падтрымку працы спецыяльных працэдур і дамоўных органаў, стварыўшы эфектыўныя каналы паміж Жэневай і Нью-Ёркам, каб абмеркаванні і рашэнні палітычных органаў пранізваліся праваабарончым падыходам". Ліхія Балівар, генеральная каардынатарка AlertaVenezuela

marthe-coulibaly-560x747.jpg

"Мы шчыра віншуем новага Вярхоўнага камісара Фолькера Цюрка і аддаем належнае працы Мішэль Бачэлет. Мы ўсведамляем надзвычай важную ролю Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ў падтрымцы нацыянальнай палітыкі абароны правоў чалавека ва ўсім свеце і спадзяемся, што гэта зробіцца прыярытэтам новага Вярхоўнага камісара. Мы заклікаем да ўмацавання палітыкі міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека і правоў праваабаронцаў у краінах, якія перажываюць крызіс, і ахвяр тэрарызму. Нашы найлепшыя пажаданні сп. Фолькеру Цюрку". Педан Март Кулібалі, нацыянальная каардынатарка Івуарыйскай кааліцыі абаронцаў правоў чалавека (CIDDH)

julia_ehrt.jpeg

"У часы, калі ўсеагульныя правы чалавека ўсё часцей аказваюцца пад пагрозай, а механізмы іх абароны зазнаюць узмацненне шматбаковага ціску, роля г-на Цюрка важная як ніколі. Новы Вярхоўны камісар ААН павінен прадэманстраваць сваю непахісную падтрымку прасоўванню і абароне правоў чалавека для ўсіх, недвухсэнсоўна ўключаючы людзей рознай сэксуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і самавыяўлення, а таксама полавых характарыстак (SOGIESC). Офіс Вярхоўнага камісара ААН выконваў вырашальную ролю ва ўключэнні пытанняў SOGIESC у сваю працу і нястомна падтрымлівае нашы рухі ўнутры краіны і за яе межамі. ILGA World спадзяецца, што Фолькер Цюрк працягне гэту спадчыну і ўзмоцніць сваё ўзаемадзеянне з ЛГБТІ-супольнасцямі ва ўсім свеце".Джулія Эрт, ILGA World

olivier-de-frouville-768x719.jpeg

"Паважаны Вярхоўны камісар, паколькі Вы становіцеся новым захавальнікам нашага агульнага скарбу — сістэмы абароны правоў чалавека ААН — вось некалькі прапаноў, заснаваных на мінулым досведзе: змагайцеся з адасобленасцю ўсярэдзіне арганізацыі! Інстытуцыя, якую вы цяпер узначальваеце, раздробненая. Яна ўжо саслабленая недафінансаваннем, але гэтая фрагментацыя марнуе энергію і падрывае эфектыўнасць. Вы несяце адказнасць за тое, каб Офіс выконваў прынцып "адзінства дзеянняў". Неабходна стварыць новыя працэсы камунікацыі і каардынацыі, асабліва паміж падраздзяленнямі на месцах і штаб-кватэрай. Новыя лічбавыя інструменты могуць дапамагчы зрабіць плынь інфармацыі больш цякучай і забяспечыць узгодненасць дзеянняў кожнага кампанента. Вы павінны зрабіцца дырыжорам гэтых зменаў!"Аліўе дэ Фрувіль, прафесар публічнага права і сябра Камітэта ААН па гвалтоўных знікненнях

tatiana-glushkova_hrdc-memorial-e1666100

"Пасля выключэння Расіі з Рады Еўропы чакаецца, што замест ЕСПЧ тысячы індывідуальных скарг супраць Расіі будуць пададзены ў дамоўныя органы ААН. Улічваючы той факт, што адставанне ў разглядзе індывідуальных паведамленняў дамоўнымі органамі павялічылася на 134% у перыяд з 2015 па 2021 год, мы мяркуем, што Вярхоўны камісар павінен тэрмінова ўмацаваць і забяспечыць рэсурсамі Секцыю петыцый і тэрміновых дзеянняў УВКПЧ, а менавіта: павялічыць штат Секцыі і ўкараніць інавацыйныя падыходы да разгляду скарг, уключаючы тыя, якія ўжо распрацаваны ЕСПЧ".Таццяна Глушкова, Праваабарончы цэнтр "Мемарыял", Расія

marcia-v.-j.-kran.jpg

"Вярхоўны камісар, ваша праца па прасоўванні міжнародных правоў чалавека неабходная для таго, каб вярнуць прыхільнасць урадаў іх прынцыпам у той час, калі яны, на жаль, здаюць свае пазіцыі. Ваша актыўная падтрымка іншых суб'ектаў, якія ўваходзяць у сістэму ААН па правах чалавека, такіх як дамоўныя органы, што здзяйсняюць кантроль за выкананнем правоў чалавека на глабальным узроўні, значна павялічыць перспектывы дасягнення прагрэсу ў галіне міжнароднай абароны правоў чалавека. Гэта патрабуе вашага цвёрдага кіраўніцтва і ўдзелу ў кіраванні, фінансах і падсправаздачнасці ў адпаведнасці са справаздачай Упраўлення службаў унутранага нагляду (жнівень 2021 года) дзеля ўладальнікаў правоў, якія шукаюць справядлівасці і чакаюць яе ад дамоўных органаў". Марсія В. Дж. Кран, кансультантка па пытаннях міжнароднага правасуддзя і развіцця | Канада, сябра Камітэта ААН па правах чалавека

abdul-aziz-muhamat-960x1029.jpeg

"Вярхоўны камісар павінен надаваць прыярытэтную ўвагу абароне праваабаронцаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Рэпрэсіі абмяжоўваюць грамадзянскую прастору. У апошнія гады з'явілася мноства законаў, якія абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, уключаючы законы, нібы накіраваныя на барацьбу з дэзінфармацыяй ці падбухторваннем, але якія насамрэч прыводзяць да цэнзуры іншадумства. Аднак апошнія гады таксама прадэманстравалі ўстойлівасць грамадзянскай супольнасці, якая працягвае працаваць насуперак усім цяжкасцям. Вярхоўны камісар павінен умацоўваць існуючыя перадавыя практыкі ўнутры і па-за УВКПЧ, укладваючы рэсурсы ў стварэнне і ўмацаванне надзейных нацыянальных і міжнародных сетак, умацоўваючы трохбаковы дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю, УВКПЧ і ўрадам".  Абдул Азіз Мухамат, абаронца правоў мігрантаў і лаўрэат прэміі Марціна Эналса для праваабаронцаў 2019 года

mae_ocampo.png

"Ад імя арганізацыі Protection International (PI) мы разам з сотнямі праваабарончых супольнасцяў, з якімі мы працуем і якіх падтрымліваем у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Еўропе і Азіі, просім Вас на працягу ўсяго вашага мандату надаваць прыярытэтную ўвагу абароне праваабаронцаў, выкарыстоўваючы калектыўны і прэвентыўны падыход, і забяспечыць моцную інтэрсекцыйную і жаночую праваабарончую лінзу ва ўсіх вашых узаемадзеяннях з дзяржавамі і інстытуцыямі. Мы пацвярджаем, што дзяржаўная палітыка па абароне праваабаронцаў з'яўляецца жыццёва важнай для стварэння спрыяльнага асяроддзя для рэалізацыі права на праваабарончую дзейнасць, і заклікаем вас садзейнічаць яе развіццю і забяспечваць надзейнае рэсурсавае забеспячэнне ў вашым узаемадзеянні з дзяржавамі і інстытуцыямі. Мы таксама падкрэсліваем важнасць узгаднення вашага мандату з парадкам дня Мэтаў устойлівага развіцця 2030. Нарэшце, вы можаце разлічваць на Protection International як на ключавую арганізацыю ў галіне абароны і механізмаў прадухілення для праваабаронцаў, якая можа распавесці, што адбываецца на месцах, даць кансультацыі і экспертную ацэнку, а таксама пры неабходнасці распаўсюдзіць і падзяліцца распрацоўкамі і інфармацыяй з вашага офіса". Мэй Акампа, выканаўчая дырэктарка Protection International

logo_viasna.png

"Мы абураны рашэннем беларускага ўрада дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах аб падачы індывідуальных скаргаў у КПЧ ААН. Для нас рэакцыя Вярхоўнага камісара ААН надзвычай важная. Праз тое, што беларускі рэжым працягвае масава парушаць правы чалавека, мы былі б вельмі ўдзячныя, калі б беларускія індывідуальныя звароты разглядаліся хутчэй. Кожны дзяржаўны службовец, кожны суддзя павінны разумець, што, прымаючы несправядлівыя рашэнні, яны парушаюць нормы міжнароднага права, і гэтыя парушэнні не застануцца незаўважанымі. Неабходна павялічыць колькасць супрацоўнікаў, якія будуць разглядаць індывідуальныя скаргі". Вікторыя Рудзенкова, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларусь

natalie_samarasinghe.jpg

"Правы чалавека пад ударам, але не здаюць пазіцый. Ва ўсім свеце людзі працягваюць змагацца за свае правы і супольнасці. Адыходзяць урады і інстытуты — тыя, хто мусіў іх падтрымліваць. Нам патрэбен такі Вярхоўны камісар, які надае прыярытэтную ўвагу грамадзянскай супольнасці, ухіляе бар'еры на шляху да інтэграцыі і не сядзіць склаўшы рукі, калі на абаронцаў нападаюць; які разумее, што хоць франты могуць быць рознымі — клімат, тэхналогіі, няроўнасць, — бітвы застаюцца тымі самымі; які працуе з тымі, хто знаходзіцца ва ўладзе, але не чакае іхняй адмашкі, каб абараняць прынцыпы Статуту ААН і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека; і які ўстае на абарону ўразлівых і супрацьстаіць парушальнікам, кім бы яны ні былі".Наталі Самарасінгхе, глабальная дырэктарка па адвакацыі Open Society Foundations

jeremie-smith-scaled-e1666104062177-768x

"У выніку ўсё больш нахабных і жорсткіх кампаній рэпрэсій супольнасці, якія змагаюцца за правы чалавека і свабоду на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Людзей забіваюць, яны знікаюць, зазнаюць катаванні, іх кідаюць у турмы. Арганізацыі прымусова закрываюць, пазбаўляюць фінансавання і пераследуюць паводле законаў аб тэрарызме і падбухторванні. Ціхая дыпламатыя і тэхнічнае супрацоўніцтва практычна не паўплывалі на гэтую тэндэнцыю. Усё часцей дзяржавы вырашаюць заплюшчваць вочы на рэальнасць. Сёння, як ніколі раней, тым, хто змагаецца за правы чалавека, патрэбен барацьбіт, які выкрывае парушальнікаў і дапамагае мабілізаваць высілкі міжнароднай супольнасці для вырашэння крытычных сітуацый у галіне правоў чалавека". Джерэмі Сміт, дырэктар Жэнеўскага офіса, Каірскі інстытут па вывучэнні правоў чалавека

civicus-logo-1600x1600.jpg

"Як сумленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Вярхоўны камісар павінен быць бясстрашным абаронцам правоў чалавека. Там, дзе гэта магчыма, ён павінен дзейнічаць пры першых прыкметах парушэнняў, выкарыстоўваючы прэвентыўную дыпламатыю і адрасныя ўмяшанні для спынення парушэнняў. Калі парушэнні былі дапушчаны, Вярхоўны камісар павінен нястомна дамагацца справядлівасці для ахвяр. Мы спадзяемся, што ў часы скарачэння грамадзянскай прасторы Вярхоўны камісар зробіць прыярытэтам пабудову трывалых і доўгатэрміновых адносінаў з грамадзянскай супольнасцю. Ён павінен стаць абаронцам тых, хто штодня працуе над абаронай правоў чалавека".  Мандзіп Цівана, дырэктар па праграмах і прадстаўнік у ААН у CIVICUS

Крыніца: Праваабаронцы і эксперты дзеляцца прыярытэтамі для Вярхоўнага камісара ААН Фолькера Цюрка