Палітзняволены праваабаронца “Вясны” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч даслаў ліст, у якім падзякаваў за віншаванні з Днём народзінаў і распавёў пра свае навіны за апошні час.
“Мне было неверагодна прыемна атрымаць гэтыя віншаванні і вітанні. Нажаль, ад нашых больш нічога не даляцела, але я ведаю, што вы думалі пра мяне ў гэты дзень. А я думаў пра вас, мае даражэнькія”, - піша правабаронца.
Валянцін адзначае, што зменаў у яго асабліва няма:
“Часам мне падаецца, што я ўжо цэлую вечнасць тут, у гэтых змрочных сутарэннях старога турэмнага замку. Нават дзіўна, што ён знаходзіцца ў самым цэнтры горада, што там, за турэмнымі мурамі, плотам і калючым дротам ідзе звычайнае жыццё горада.
Часам праз вакно да мяне даносяцца аддаленыя гукі горада. Я нібыта памёр, я выкрэслены з жыцця, яно - жыццё, нібыта пастаўленае на паўзу. Там недзе наверсе жыццё ідзе сваёй чарадой, без мяне. Але я не памёр, я жывы! Я не магу памерці, бо вельмі люблю жыццё, сваіх родных і дарагіх людзей. Таму я буду прыкладаць усе намаганні, каб вярнуцца да вас, у жыццё без кратаў. Колькі б часу гэта не заняло”.
Таксама праваабаронца адзначае, што шмат чытае, але яму вельмі не хапае музыкі:
“Я шмат чытаю. За гэты час я прачытаў болей кніг, чым за апошнія пяць гадоў )) Вельмі не хапае музыкі, якую я любіў. Часам я напяваю сабе ўлюбленыя песні, узгадваю мелодыі. Гэта паляпшае мне настрой”.
Валянцін Стэфановіч распавёў, што у калідорах СІЗА пабачыў каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны” Марфу Рабкову:
“Летам бачыў Марфу, вельмі хутка, некалькі секунд, але паспяваў паказаць ёй знак вікторыі, а яна пасмяхнуцца мне. Яна такая прыгожая ў сваёй моцы і нязломленасці, годнасці. Я назваў яе “Пішчалаўскай мадоннай”.
У лісце Валянцін паведаміў таксама, што ён, старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы – “кожны дзень хаджу чытаць тамы з паперкамі”. Праваабаронца прагназуе, што хутка пачнецца суд:
“Мабыць у студзені, хаця можа і ў снежні. Думаю, што гэта будзе Мінгарсуд, і ён будзе закрыты. Я трымаюся, за мяне не хвалюйцесь, я веру ў лепшае, хаця думаю, што ўваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка”.
Але Валянцін Стэфановіч не губляе надзеі і верыць, што “будзе час, калі мы ўсе зноў будзем разам”.
Нагадаем, Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў сваёй кватэры. З таго часу ён, а таксама старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч знаходзяцца ў СІЗА-1. Цяпер усіх траіх абвінавачваюць у "кантрабандзе групай асобаў" і "фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак", ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. 14 кастрычніка Валянцін Стэфановіч адзначыў сваё 50-годдзе за кратамі.
Дасылайце лісты падтрымкі, бандэролькі і грашовыя пераводы Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу |
Крыніца: Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: “Уваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка”