У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманыя ўдзельнікі гурта Litesound

Сілавікі затрымалі ўдзельнікаў гурта Litesound — Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, браты «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».

Затрымліваў музыкаў САХР у поўнай экіпіроўцы.

Да Паўла Мажэйкі не пусцілі…следчага

Як паведамляе «Гарадзенская праваабарона», 11 кастрычніка да Паўла Мажэйкі адміністрацыя гарадзенскай турмы не пусціла следчага — нібыта ў мурах турмы не было вольнага кабінету і незанятых канваіраў.

Павел Мажэйка. Фота: Радыё Рацыя

Павел — кіраўнік гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця», журналіст. Ён быў затрыманы напрыканцы жніўня па вяртанні ў Беларусь. У яго кватэры і ў яго бацькоў правялі ператрусы. Вядома, што на Паўла заведзена крымінальная справа за рэалізацыю ім свабоды выказвання меркавання.

У Мінску сёння за ўдзел у Маршах судзяць адразу чатыры сямейныя пары

Колькасць судоў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса не спадае, а ўзрастае. Кожны дзень па ўсёй Беларусі судзяць людзей па іх. Цяпер гэта новы «народны» артыкул замест адміністрацыйнага 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Толькі сёння, 13 кастрычніка, у Мінску адбудзецца мінімум 9 працэсаў за ўдзел у Маршах, сярод іх — чатыры сямейныя пары.

У судзе Маскоўскага раёна судзяць палітвязня Антона Маслыку і ягоную жонку Кацярыну Еўдакімаву. У сям'і трое дзетак. Пракурор запрасіў для абодвух па 1,5 гады калоніі, хоць Кацярына знаходзіцца пад хатнім арыштам. Сёння Сяргей Кацар вынясе ім прысуд.

У гэтым жа судзе адбываецца суд над палітзняволенымі Святланай і Дзянісам Шарамецьевымі. Іх затрымалі 14 чэрвеня. Справу супраць іх таксама будзе разглядаць Сяргей Кацар — пасля прысуду папярэдняй сям'і.

У судзе Партызанскага раёна справу супраць палітзняволенай Алены Паўловіч і яе мужа Дзмітрыя будзе разглядаць суддзя Міхаіл Макарэвіч. У сям'і двое непаўнагадовых дзяцей. Пры затрыманні Алену прымусілі здзіраць са сцяны БЧБ-шпалеры.

Суд Першамайскага раёна Мінска разгледзіць справу супраць Дзіяны і Уладзіміра Лысакоў. Суддзя — Анастасія Кулік.

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Магілёва — яго прымусілі таптаць кепку з "Пагоняй" і спяваць "Любэ"

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з магілёўскім таксістам Дзянісам Клешчанком. Паводле іх, мужчына далучыўся да чат-бота плана «Перамога».

Сваю прамову мужчыну казаў, стоячы на БЧБ-сцягу. У канцы відэа яго прымусілі спяваць песню «Любэ» пра «апероў» і таптаць сваю кепку з «Пагоняй».

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ пяць чалавек — сярод іх журналісткі TUT.ВY і грамадзянін Латвіі

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ пяці чалавек. Цяпер у ім 928 прозвішчаў, з іх — 183 беларусы.

Сярод іх палітвязні Андрэй Дзенісенка, Іна Можчанка, а таксама грамадзянін Латвіі Дзмітрыс Міхайлаус.

У спіс таксама дадалі журналістак TUT.ВY Вольгу Лойка і Алену Талкачову — яны выйшлі з-за кратаў у гэтым годзе, але праходзяць па справе і застаюцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Інфармацыйная прадукцыя Telegram-каналаў "Вясна: Палiтвязнi Беларусi" і "Тюрьма Для Жизни" прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Адпаведнае рашэнне прынятае па заявах пракуратуры горада Мінска.

Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю пасля 28 сутак на Акрэсціна

Журналіста разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Праз дзень мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля "сутак" на волю Дзмітрый так і не выйшаў, пазней яму прызначылі яшчэ 13 сутак арышту.

Пакуль судовага рашэння адносна далейшага лёсу журналіста няма. БАЖу стала вядома, што сёння, як і папярэдні раз, спачатку яго даставілі ў Фрунзенскае РУУС Мінска, а пасля вярнулі назад на Акрэсціна.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні музыкантаў і хваля адміністрацыйных працэсаў: хроніка пераследу 13 кастрычніка Дапоўнена