Дзяніс Коршун. Дзяніса Коршуна абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справа разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Суддзя – Юлія Шчоткіна.

Палітзняволены Дзяніс Коршун — супрацоўнік пякарні Brø bakery, быў затрыманы пасля прыходу сілавікоў на месца працы 17 траўня 2022 года. На наступны дзень з Дзянісам з'явілася "пакаяльнае відэа" на праўладных тэлеграм-каналах.

Па матэрыялах абвінавачання, Дзяніс Коршун, у адзін са жнівеньскіх дзён 2020 года “дзейнічаючы ўзгоднена з групай асоб прыняў актыўны ўдзел у  групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў МУС”.

Знаходзячыся на тэрыторыі горада Мінска выкарыстоўваў у якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, плакат і бранзалет белага колеру, перакрываў рух грамадскага транспарту на праспекце Перамогі і праспекце Незалежнасці, чым прычыніў шкоду прадпрыемству КУП “Мінсктранс” на суму 5 839 рублёў 65 капеек.

Сваю віну ў ходзе судовага працэсу прызнаў цалкам, апазнаў сябе на фотаздымках.

Суд пакараў мінчука абмежаваннем волі без накіраванне ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў. Прысуд быў вынесены 25 ліпеня 2022 года, аднак пра яго праваабаронцы даведаліся толькі зараз.

Крыніца: Супрацоўніка пякарні Brø bakery Дзяніса Коршуна асудзілі да “хатняй хіміі” за ўдзел у акцыях пратэсту