Брэсцкі абласны суд 6 кастрычніка завяршыў разгляд крымінальнай справы мінчука Міхаіла Корзуна. 31-гадовы мужчына абвінавачаны ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Кацярына Груда, дзяржабвінавачанне прадстаўляла памочнік пракурора Марыя Бялт.
Міхаіла Корзуна затрымалі напачатку гэтага года – 10 студзеня.
Паводле версіі абвінавачвання, Міхаіл Корзун з кастрычніка 2021 года па 8 студзеня 2022 года ў сацсетцы “Вконтакте” пакідаў каментары “з негатыўнай ацэнкай” і “заклікам да гвалтоўных дзеянняў” у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Прыклады каментароў Міхаіла канца 2021 — пачатку 2022 года пад пастамі групы “Плошча” ў “Вконтакте”, знойдзеныя брэсцкай “Вясной”.
Да суда, як і на самім судзе, Міхаіл цалкам адмовіўся ад дачы паказанняў. Але пры гэтым на судовым пасяджэнні заявіў, што цалкам прызнае віну.
Пасля трохдённага разбіральніцтва крымінальнай справы ў судзе суддзя Кацярына Груда прызнала Міхаіла вінаватым ва ўчыненым злачынстве, і прызначыла мужчыну чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: За негатыўныя каментары на адрас Лукашэнкі – чатыры гады калоніі