Будынак Гомельскага аблвыканкама. Фота: Радыё Свабода. Скарга кандыдата ў дэпутаты Гомельскага гарадскога і абласнога Саветаў Канстанціна Жукоўскага разгледжаная на паседжанні Гомельскай абласной выбарчай камісіі 8 лютага.

Як паведамляе назіральнік Віктар Адзіночанка, кандытат аспрэчваў два пяпярэджанні, вынесеныя яму акруговай выбарчай камісіяй Мазураўскай выбарчай акругі № 20.

Нагадаем, 27 студзеня кандыдат у дэпутаты правёў каля будынку абласнога ДАІ пад бел-чырвона-белым сцягам перадвыбарчы пікет, на якім вывесіў лозунг «Zакон як дышаль». Падчас пікету праз гучнагаварыцель крытыкаваў супрацоўніка ДАІ, які, на яго думку, раней незаконна пераследваў яго за парушэнне ПДР.

Пакрыўджаны супрацоўнік ДАІ, якім апынуўся маёр міліцыі Кадэтаў В.Г. звярнуўся ў выбарчыя камісіі, тыя ў сваю чаргу 30 студзеня вынеслі Жукоўскаму пісьмовыя папярэджанні.

А 5 лютага Жукоўскаму было вынесена другое папярэджанне  за тое, што пад час пікета на вуліце Кірава каля будынку абласнога суда выкарыстоўнаў бел-чырвона-белы сцяг, крытыкаваў дзеячую уладу, выкарыстоўваў транспарант з лозунгам “Закон як дышаль”, крытычна выказваўся на адрас супрацоўнікаў суда і пракуратуры, праводзіў пікет не ў тым месцы (прасіў Кірава 9, праводзіў Кірава 16), перашкаджаў вучобе ў медколеджы, адкуль паступіла скарга.

Жукоўскага на паседжанні Гомельскай абласной выбарчай камісіі не было. У задавальненні скаргі яму адмовілі. Праект рашэння быў падрыхтаваны загадзя. Галасавалі адзінагалосна.

Сярод іншых пытанняў якія абласная выбарчая камісія разглядала 8 лютага, назіральнік адзначае разгляд скаргі Сяргея Лінкевіча на дзеянні Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі.                                                                

 Сутнасць справы: Лінкевіч С.Л. быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Інтэрнацыянальнай выбарчай акрузе № 11. Хацеў, каб у плакаце, дзе падаецца інфармацыя аб кандыдатах, была надрукавана яго поўная біяграфія. Раённая камісія яму ў гэтым адмовіла.

Сяргей Лінкевіч падаў скаргі ў пракуратуру і Гомельскую абласную камісію. У скарзе яму адмовілі. Праект рашэння быў падрыхтаваны загадзя. Галасавалі таксама адзінагалосна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Крыніца: Гомель: фармальны падыход да разгляду скаргаў кандыдатаў