Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Пра гэта 7 кастрычніка 2022 года паведаміў Камітэт прэміі. Разам з Алесем Бяляцкім Нобелеўскую прэмію міра атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру

Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

На падзею актыўна адрэагавала беларуская і міжнародная супольнасць. Віншаванні спадару Бяляцкаму і каментары з нагоды атрымання ім выбітнай узнагароды працягваюць прыходзіць з усіх кропак свету. 

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка: «Узнагарода за дзясяткі гадоў самаадданай барацьбы за правы чалавека»

«Навіна пра прэмію міру Алесю і нашым калегам з Мемарыяла і ЦГС проста цудоўная, гэта міжнароднае прызнанне заслуг праваабаронцаў і канкрэтна Алеся, праява салідарнасці і сігнал падтрымкі праваабарончых каштоўнасцяў для ўсяго свету. Гэтая ўзнагарода за дзясяткі гадоў самаадданай барацьбы Алеся за правы чалавека, за дэмакратычныя каштоўнасці, за адраджэнне беларускай нацыі», — сказаў Павел Сапелка.

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч: "Бяляцкі даўно заслужыў Нобелеўскую прэмію" 

Алесь Бяляцкі і Святлана Алексіевіч. Крыніца:
Алесь Бяляцкі і Святлана Алексіевіч

«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія. Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім "Вясна", — гэта ў ягоным духу, у ягонай філасофіі. Я вельмі рада. Ведаю, што Алесь сур'ёзна хворы. Мы ўсе павінны гаварыць аб тым, што яму трэба быць на волі, са сваім народам. Што зробіць з ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек не можа быць у турме — гэта прыніжэнне і народа, і самой улады, калі яна гэта разумее»,падкрэсліла лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Правабаронца Набіл Раджаб: «Выдатная навіна»

Бахрэйнскі праваабаронца Набіл Раджаб пракаментаваў падзею ў сваім Twitter: «Выдатная навіна для ўсіх праваабаронцаў і арганізацый па ўсім свеце. Віншую!»

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук: «Гэта ўзнагарода за цяжкую і нябяспечную працу»  

«Навіна мяне заспела ў вялікай разгубленасці, таму што гэта ўсё нечакана абсалютна. Нідзе не было згадана імя Алеся, нават спадзяванняў ці размоваў не было. Нечаканая, але прыемная навіна. Зразумела, зараз адчуваю вялікі гонар, вельмі вялікая гама пачуццяў. Гэта ўзнагарода яго, яго паплечнікаў, за працу цяжкую, за працу небяспечную. І я вельмі ўдзячна тым, хто спрычыніўся да гэтай прэміі. Я разумею, што зараз трэба віншаваць яго, слаць яму тэлеграмы. Зразумела, для яго гэта будзе яшчэ ў большай ступені нечаканая навіна, але безумоўна, вельмі радасная. Планую даслаць яму тэлеграму і ўсё распавесці», распавяла Наталля.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон: «Яны ведаюць, што могуць разлічваць на падтрымку Францыі»

«Алесь Бяляцкі ў Беларусі, грамадская арганізацыя "Мемарыял" у Расіі, Цэнтр грамадзянскіх свабод ва Украіне: Нобелеўская прэмія міру прысуджаецца непахісным абаронцам правоў чалавека ў Еўропе. Рамеснікі міру, яны ведаюць, што могуць разлічваць на падтрымку Францыі», — напісаў прэзідэнт Францыі.

Святлана Ціханоўская: «Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін Нобелеўскі лаўрэат – які супрацьстаіць дыктатуры і вайне»

Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская

«Гэта выдатная навіна! Алесь Бяляцкі – гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ва ўсім свеце. Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін Нобелеўскі лаўрэат – які супрацьстаіць дыктатуры і вайне.

Я віншую Алеся і яго родных з гэтай узнагародай. Я ўпэўненая, што для іх сям’і гэта вельмі важны знак падтрымкі. Але гэтая ўзнагарода – яшчэ і прызнанне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забяспечэнне міру і правоў чалавека. Таму я віншую кожнага, хто абраў гэта справай свайго жыцця.

На жаль, пра ўручэнне Нобелеўскай прэміі Алесь не даведаўся імгненна разам з намі. Ён не прыедзе ў Осла з нобелеўскай прамовай, бо Алесь Бяляцкі, як і тысячы беларусаў, знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым з’яўляецца пагрозай міру і свабодзе беларускага народа.

Гэта далёка не першы выпадак, калі прэмію міру атрымлівае чалавек, які знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Але гэта першы выпадак, калі ўся Беларусь ганарыцца Нобелеўскім лаўрэатам у турме. Я ўпэўненая, што тыя, хто ўчыніў рэпрэсіі супраць Алеся і тысяч невінаватых людзей, хутка застануцца ў невядомым мінулым. А ў гісторыю ўвойдуць менавіта такія героі, як Алесь Бяляцкі», – пракаментавала Святлана Ціханоўская ўзнагароду.

Старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта Берыт Рэйс-Андэрсан: «Сёлетнія лаўрэаты аднавілі і ўшанавалі бачанне міру і братэрства паміж народамі»

Старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта, які прысуджае Нобелеўскую прэмію міра, спадарыня Берыт Рэйс-Андэрсан адзначыла: дзякуючы сваім паслядоўным намаганням на карысць чалавечых каштоўнасцей, антымілітарызму і прынцыпаў права, «сёлетнія лаўрэаты аднавілі і ўшанавалі бачанне міру і братэрства паміж народамі Альфрэда Нобеля — бачанне, якое сёння найбольш патрэбна ў свеце».

Яна таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць спадара Бяляцкага з турмы, каб ён мог прыехаць у Осла і асабіста прыняць узнагароду. Камітэт выказаў спадзяванні, што прэмія падыме баявы дух праваабаронцы.

Старшыня Östgruppen Марцін Угла: «Так заслужана!»

Алесь Бяляцкі і Марцін Углы

«Алесь, дружа, так заслужана! Віншую!», — напісаў Марцін Угла, старшыня Östgruppen — Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека.

Спецдакладчыца ААН па праваабаронцам Мэры Лоўлар: «Беларускім уладам прыйшоў час вызваліць Бяляцкага»

БВіншуем зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў Беларусі і праваабаронцаў "Мемарыял" ў Расеі і Цэнтр грамадзянскіх свабод ва Ўкраіне за перамогу ў #NobelPeacePrize2022. Беларускім уладам прыйшоў час вызваліць Бяляцкага», — адзначыла спецыяльная дакладчыца ААН па праваабаронцам, заснавальніца Мэры Лоўлар Front Line Defenders.

Амбасада ЗША ў Беларусі: «Ганарыся, Беларусь!»

«Віншуем Алеся Бяляцкага, лаўрэата #NobelPeacePrize 2022! Праца, якую ён і «Вясна» зрабілі ў надзвычай варожым асяроддзі па абароне і падтрымцы правоў чалавека ў Беларусі, зрабіла велізарныя змены для многіх беларусаў і ўсяго свету. Ганарыся, Беларусь!»гаворыцца ў паведамленні амбасады.

Еўракамісар Янэз Ленарчыч: «Трымайся, Алесь!»

Алесь Бяляцкі і Янэз Ленарчыч

«Ад усёй душы віншую Алеся Бяляцкага з атрыманнем Нобелеўскай прэміі. Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна вызваліць яго і ўсіх іншых палітвязняў. Трымайся, Алесь!» — напісаў Еўракамісар па кіраванні крызісамі, адказны за еўрапейскую грамадзянскую абарону і гуманітарную дапамогу, еўрапейскі каардынатар рэагавання на надзвычайныя сітуацыі 

Праваабаронца «Вясны» Сяржук Сыс: «Нобелеўская прэмія Бяляцкаму — гэта ацэнка заслуг усіх "вясноўцаў"» 

Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс. 2020 год

«Адзначана на высокім узроўні тое, што мы робім для нашай краіны. Гэтая прэмія дасць падтрымку не толькі Алесю, але і Уладу Лабковічу, Валянціну Стэфановічу, Леаніду Судаленку і ўсім "вясноўцам", якія зараз у турме. Я ператэлефанаваў тром чалавекам, бо не мог паверыць. Потым проста плакаў ад шчасця. Наша Беларусь — невялікая краіна, але мы маем ужо дзве прэміі Нобеля. Прэмія — вялікая заслуга Алеся, які не проста праваабаронца, ён глыба, ён культуролаг, пісьменнік, патрыёт Беларусі», — пракаментаваў Сяржук Сыс.

Журналіст Віталь Цыганкоў: «Мільёны людзей па ўсім сьвеце зараз чытаюць навіны і даведваюцца, што лаўрэат Нобэлеўскай прэміі знаходзіцца ў турме»

«Нобэль Бяляцкаму — гэта неймавернае важнае для беларускай будучыні рашэньне. Мільёны людзей па ўсім сьвеце зараз чытаюць навіны і даведваюцца, што лаўрэат Нобэлеўскай прэміі знаходзіцца ў турме. Чаму? За што? Што гэта за рэжым пануе ў гэтай краіне?
Беларуская "павестка" хаця б на нейкі час зноў становіцца самай актуальнай. І дасылаецца выразны мэсідж, што нават падчас вайны пытаньні правоў чалавека павінны заставацца для сьвету ня менш важнымі, чым пытаньні вайны і міру», пракаментаваў Віталь Цыганкоў.

Праваабаронцу таксама павіншавалі прадстаўніцтва ААН у Беларусі, фонд Right Livelihood, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека FIDH, шведска-нямецкая арганізацыя па правах чалавека Libereco, Amnesty International, Civic Solidarity Platform і іншыя неабыякавыя арганізацыі і асобы з Беларусі і ўсяго свету. 

Крыніца: "Такі чалавек не можа быць у турме": як грамадзянская супольнасць рэагуе на атрыманне Алесем Бяляцкім Нобелеўскай прэміі міра