Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Пра гэта 7 кастрычніка 2022 года паведаміў Камітэт прэміі.
Разам з Алесем Бяляцкім Нобелеўскую прэмію міра атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.
«Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах, — заявілі ў Нобелеўскім камітэце. — Яны шмат гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць фундаментальныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні, каб задакументаваць ваенныя злачынствы, парушэнні правоў чалавека і злоўжыванне ўладай».
У Камітэце адзначылі, што Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х. Ён прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і мірнага развіцця ў сваёй краіне.
«Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць, — падкрэслівае Нобелеўскі камітэт. — З 2020 года ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай без суда. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантыметр у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».
Старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта, які прысуджае Нобелеўскую прэмію міра, спадарыня Берыт Рэйс-Андэрсан адзначыла: дзякуючы сваім паслядоўным намаганням на карысць чалавечых каштоўнасцей, антымілітарызму і прынцыпаў права, «сёлетнія лаўрэаты аднавілі і ўшанавалі бачанне міру і братэрства паміж народамі Альфрэда Нобеля — бачанне, якое сёння найбольш патрэбна ў свеце». Яна таксама заклікала беларускія ўлады вызваліць спадара Бялейскага з турмы, каб ён мог прыехаць у Осла і асабіста прыняць узнагароду. Камітэт выказаў спадзяванні, што прэмія падыме баявы дух праваабаронцы.
Прэмію міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаюць "асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі". Сёлета на прэмію прэтэндавалі 343 кандыдаты, у тым ліку, 251 асоба і 92 арганізацыі.
Крыніца: Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру