Пікет кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 57 Юрыя Ляшэнкі, які адбыўся 8 лютага ў Светлагорску, кантралявалі з розных бакоў.
За некалькі гадзін да пачатку выбарчага пікета, кандыдату патэлефанавала старшыня акруговай выбарчай камісіі Манькевіч А.В. і папярэдзіла, што пад час правядзення масавага мерапрыемства нельга засяроджваць увагу на адной праблеме, напрыклад, на тэме завода. Кандыдат адказаў, што мае права гаварыць пра любую з праблем, якія бачыць на сёняшні момант і якія акрэсліў у сваёй выбарчай праграме. Ужо пад час самаго пікета, начальнік аховы ГЦ “Бярозкі” пачаў пярэчыць правядзенню пікета. А яшчэ ціхенька паводдаль два маладых чалавекі, апранутыя ў цывільную вопратку, назіралі за пікетам і вялі відэаз’ёмку.
Тым не меней, пікет каля гандлёвага цэнтра “Бярозкі” адбыўся.
Па інфармацыі назіральніцы Алены Маслюковай, падтрымаць кандыдата прыехаў Анатоль Лябедзька, кіраўнік АГП, сябрам якой з’яўляецца кандыдат, які ладзіў пікетаванне. Таксама на пікеце выступаў прадстаўнік партыі «Зялёных” Дзмітрый Кучук. Галоўная праблема, на якую звярнулі ўвагу і якой прысвяцілі свае выступы як сам кандыдат, так і іншыя ўдзельнікі пікета, гэта тэма экалагічнай бяспекі жыхароў горада і вёскі Якімава Слабада, якая ўзнікла ў сувязі са шкоднымі выкідамі новага завода беленай цэлюлозы.
На пікеце кандыдат распавёў сваю праграму, гутарыў з патэнцыйнымі выбаршчыкамі, адказваў на іх пытанні. Валантэры і давераныя асобы кандыдата раздавалі агітацыйныя ўлёткі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Крыніца: Светлагорск: выбарчы пікет Юрыя Ляшэнкі кантралявалі з трох бакоў Фота