Праваабаронца Таццяна Рэвяка. Фота: svaboda.org Праваабаронца Таццяна Рэвяка звярнулася ў Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі (ГНК) ў сувязі з надзвычайнай сітуацыі, якая склалася вакол палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў папраўчай калоніі №9 г. Горкі.

У сваёй заяве праваабаронца звярнула ўвагу камісій на той факт, што адміністрацыя калоніі не рэагуе на пастаянныя просьбы Міхаіла Жамчужнага забяспечыць яму бяспечыныя ўмовы адбыцця пакарання, а замест гэтага бесперапынна выносіць спагнанні за адмовы следаваць у атрад, сфармаваны з асуджаных з “нізкім статусам”.

“На дадзены момант вядома пра 18 спагнанняў, вынесеных Міхаілу Жамчужнаму ў сувязі з дадзенымі адмовамі, якія тлумачацца адміністрацыяй ВК №9 як парушэнне устаноўленага парадку адбыцця пакарання: двойчы ён быў змешчаны ў ПКТ кожны раз на тэрмін адзін месяц, 16 разоў - на розныя тэрміны змяшчаўся ў штрафны ізалятар.

Вынесеныя спагнанні асуджаны абскарджвае ва ўстаноўленным законам парадку ў суд і пракуратуру”, - падкрэслівае Таццяна Рэвяка.

Яе таксама турбуе той факт, што 24 студзеня палітзняволены быў збіты іншым асуджаным у калідоры санчасткі пры неўмяшанні і папушчальніцтве супрацоўнікаў калоніі.

Таццяна Рэвяка просіць Рэспубліканскую і Магілёўскую абласную грамадскія назіральныя камісіі наведаць папраўчую калонію №9, сустрэцца з Міхаілам Жамчужным і правесці з ім гутарку пра ўмовы яго ўтрымання, звярнуцца да начальніка ўстановы па тлумачэнні адносна абгрунтаванасці пераследу палітзняволенага і вынясення яму спагнанняў, забеспячэння яму бяспекі ў ходзе далейшага адбыцця пакарання, а таксама  запытаць у адміністрацыі ўстановы звесткі і дакументы, неабходныя для правядзення грамадскага кантролю, і ў выніку падрыхтаваць заключэнне аб парушэнні правоў асуджанага.

Нагадаем, праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасля яго пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго траўлі, звязаная з ўсталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

Крыніца: Таццяна Рэвяка просіць назіральныя камісіі наведаць Міхаіла Жамчужнага ў калоніі