У гродзенскай турме з 18 траўня ідзе суд над дванаццаццю фігурантамі "справы Аўтуховіча". Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну. Падчас дачы паказанняў некаторыя заявілі пра катаванні і збіванне пасля затрымання, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрымання, у якіх іх утрымліваюць да гэтага часу. Некаторых неаднаразова каралі "суткамі" ў карцары. А Гундар і Аўтуховіч трымалі галадоўку па некалькі тыдняў. Судовы працэс, які доўжыўся больш за чатыры месяцы, з 19 верасня зрабілі закрытым праз тое, што суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том. Праваабаронцам стала вядома, што судовае следтсва па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка.  У будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святарам Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і яе сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегуром і Паўлам Савам. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня
Мікалай Аўтуховіч на судзе 18 траўня

Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — СтаворкаЖдановіч і Нічыпор.

Ад пачатку суда ўсе пасяджэнні былі адкрытыя, аднак 19 верасня суддзя Філатаў пастанавіў зрабіць суд закрытым. Па словах сваякоў фігурантаў, у гэты дзень суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том № 47 у закрытым рэжыме, але працэс пасля так і не адкрылі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, судовае следства скончылася, а прысуд фігурантам справы агучаць у гродзенскай турме 17 кастрычніка.

Крыніца: "Справа Аўтуховіча": спрэчкі бакоў скончыліся, прысуд будзе агучаны ў сярэдзіне кастрычніка