Канаплянае калядаванне ў Мінску 25 снежня 2017 года. Фота: Legalize Belarus У судзе Цэнтральнага раёну Мінска 8 лютага за ўдзел у «канапляным калядаванні» будуць судзіць чатырох актывістаў ініцыятывы Legalize Belarus.

У адміністратыўных пратаколах адзначана, што ўдзельнікі калядавання «выказвалі стаўленне да легалізацыі марыхуаны ў Беларусі» праз правядзенне пікетавання, чым парушылі арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).

Раней, 18 студзеня, пачалі суд над адным з удзельнікаў шэсця Пятром Маркелавым. Як толькі суддзя Ігар Касцян зачытаў склад прапарушэння Пятра Маркелава, быў аб'яўлены перапынак. Пасля таго, як суддзя вярнуўся ў залю, ён зачытаў пастанову аб накіраванні справы супраць актывіста на дапрацоўку.

Сёння будуць разглядацца справы Пятра Маркелава (10-00), Юлі Швабовіч (11-00), Стася Шашка (12-00) і Міхася Варанцова (14-30).

"Канапляны судовы маратон — гэта феерычнае сьвята закону, права і справядлівасьці. Улада бярэцца за калядоўшчыкаў! Прыходзь на маратон, каб падтрымаць свабоду слова і мірных сходаў!" – пішуць актывісты ў суполцы Legalize Belarus.

Справу Пятра Маркелава разглядае суддзя Ігар Касцян. Сведка па справе - супрацоўнік міліцыі УУС Менгарвыканкама Лужынскі.

Справы Стася Шашка і Юлі Швабовіч у суддзі Вікторыі Шабуні.

Нагадаем, 25 снежня актывісты ініцыятывы Legalize Belarus правялі «канапляную каляду» – шэсце за рэформу артыкулу 328 КК, які рэгулюе абарот псіхаактыўных рэчываў і ўводзіць крымінальную адказнасць. У акцыі бралі ўдзел больш за 15 чалавек, паведамляў у сацыяльных сетках адзін з арганізатараў шэсця Пётр Маркелаў. Юнакі прагульваліся па цэнтры горада, спявалі вясёлыя песні і неслі стылізаваныя выявы канаплянага лісця.

"У кастрычніку мінулага года Legalize Belarus запусціла кампанію «Рэформа 328», у рамках якой правяла збор подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў з патрабаваннем аб заканадаўчым рэфармаванні дадзенага артыкула КК. Зварот у Палату прадстаўнікоў і МУС падпісалі больш за 4 тысячы 600 чалавек, аднак дзяржорганы гэтую грамадскую ініцыятыву не падтрымалі", - паведамляюць naviny.by.

Крыніца: "Канапляны" судовы марафон ў Мінску Дапоўнена