У адрас Аб'яднанай грамадзянскай партыі 4 лютага прыйшоў ліст, у якім паведамлялася, што кандыдат у дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і Бараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Беляўцова напісала ў Пракуратуру заяву пра грубае парушэнне правоў грамадзян, звязанае з мясцовай выбарчай кампаніі.
Ліст з тлумачэннямі і копію заявы перадаў ў АГП Віктар Барташэвіч, давераная асоба кандыдаткі. Цалкам тэкст заявы кандыдаткі змешчаны на партыйным сайце.
“Прашу правесці праверку па наступных фактах перашкоды ажыццяўленню выбарчых правоў, - піша кандыдат у дэпутаты Вольга Беляўцова. - Са слоў выбаршчыкаў вёскі Малінаўка Мінскага раёна Філіпава Яўгена Уладзіміравіча і самой Валянціны Уладзіміраўны (дом 22 а) каля 9 гадзін вечара 2 лютага 2018 гады трое работнікаў міліцыі ўвайшлі ў дом выбаршчыкаў, зрабілі ператрус, пасля чаго выявілі ўлётку кандыдата ў дэпутаты Беляўцовай А.С., якая была надрукаваная ў друкарні за кошт сродкаў выбарчага фонду апошняй і распаўсюджаная сярод жыхароў вёскі Малінаўка. Пасля чаго Філіпаву былі зададзеныя пытанні, ці не аплачвала Беляўцова ягоныя паслугі па распаўсюдзе ўлёткі.
Супрацоўнікі міліцыі палічылі гэта незаконнай агітацыйнаю дзейнасцю і пачалі казаць Філіпаву, што выбарчую ўлётку Беляўцовай суседзям ён перадаваць не можа, што па зместу яна не адпавядае заканадаўству, паколькі змяшчае крытыку ўлады, таксама за распаўсюд агітацыйнай прадукцыі Філіпаву пагражалі адказнасцю. Пасля Філіпава правялі ў аўтамабіль, нібыта для складання пратаколу, пасля чаго ў машыне, пагражаючы адказнасцю, прымусілі падпісаць тры чыстых лісты паперы, што было ім зроблена".
Гэтае здарэнне атрымала агалоску праз сюжэт, які быў паказаны на тэлеканале БелСАТ 5 лютага.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Кандыдат скардзіцца ў пракуратуру на парушэнне заканадаўства