Праваабаронца Алег Мацкевіч У адпаведнасці з першым Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН .

Прадметам скаргі з’яўляецца парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 МПГПП – права на свабоду меркаванняў і права на свабоду мірных сходаў. Падставай для звароту ў міжнародную арганізацыю стала забарона намесніцай старшыні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту Марынай Булойчык пікету да Дня правоў чалавека 15 снежня 2016 году і наступныя судовыя рашэнні, якія пакінулі забарону ў сіле.

У паведамленні праваабаронца адзначае, што забарона Барысаўскага выканкаму ў правядзенні пікету парушае яго правы, гарантаваныя МПГПП. Абмежаванне карыстаннем гэтымі правамі выходзіць за межы, прадугледжаныя міжнароднымі забавязаннямі Рэспублікі Беларусь і яе Канстытуцыяй. Такія абмежаванні накладае Закон “О массовых мероприятиях в Республике Беларусь” і рашэнне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту “О порядке проведения массовых мероприятий в Борисовском районе”. У прыватнасці, гэтыя нарматыўныя акты ўводзяць дазвольны парадак правядзення мірных сходаў без уліку іх характару і мэтаў. Парадак атрымання дазволу на мірныя сходы прадугледжвае складаную працэдуру ўзгаднення з мясцовымі выканаўчымі органамі, службамі аховы правапарадку, медыцынскімі ўстановамі, камунальнымі службамі.

Барысаўскім выканкамам вызначана адзінае на ўвесь раён пастаяннае месца для масавых мерапрыемстваў – невялікая бязлюдная тэрыторыя ля гарадскога стадыёну за высокім бетонным плотам. Гэта супярэчыць пазітыўным абавязкам дзяржавы ў забеспячэнні права грамадзян на свабоду мірных сходаў.

А. Мацкевіч просіць Камітэт па правах чалавека ААН прызнаць факт парушэння Рэспублікай Беларусь артыкулаў 19 і 21 МПГПП.

У сувязі з падачай скаргі ў прыватнай размове праваабаронца ўзгадаў нядаўнюю заяву Старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Каралеўства Нідэрландаў Валянцін Сукала сказаў аб неабходнасці мінімізаваць колькасць зваротаў грамадзян Беларусі ў КПЧ ААН.

“Калі Рэспубліка Беларусь будзе і надалей ігнараваць свае міжнародныя забавязанні ў галіне правоў чалавека, падобныя заявы застануцца толькі прыгожымі пажаданнямі. Канкрэтны вынік залежыць ад пазіцыі дзяржавы, у першую чаргу – ад судовай улады. Праваабаронцы не будуць штучна скарачаць колькасць зваротаў у КПЧ, “падыгрываючы” ўладзе з мэтай палепшыць яе імідж у вачах міжнароднай супольнасці”, - кажа праваабаронца.

Крыніца: Праваабаронца з Барысава накіраваў скаргу ў КПЧ ААН