Некалькі соцен уваходных дзвярэй у жылыя шматкватэрныя дамы Першамайскага раёна Мінска аблеплены ўлёткамі з выбарчай праграмай кандыдата ў дэпутаты ў Мінскі гарсавет па Акадэмічнай выбарчай акрузе №48 Сяргей Казлова.
Кандыдат абяцае палепшыць якасць гарадскога асяроддзя:
“Зрабіць наш раён сучасным, камфортным і лепшым куточкам нашай сталіцы – гэта асноўная задача маёй праграмы добраўпарадкавання грамадскай прасторы”.
І вось, адразу ўзяў, як кажуць, быка за рогі – пачаў "добраўпарадкаваць" любімы Першамайскі раён. Ды, відаць, перастараўся.
Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама №21 “Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі пры правядзенні выбараў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання, "размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў пра кандыдатаў у дэпутаты сярод іншага дазволена на інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку на інфармацыйных стэндах, размешчаных каля ўваходных груп пад'ездаў жылых дамоў)". Як бачна, дзверы ў пад’езды жылых дамоў, не ўваходзяць у гэты пералік, і размяшчэнне ўлётак на іх нават забаронена пунктам 6 вышэйназванага рашэння.
Кандыдату ў дэпутату павінна быць вядома і тое, што галоўнаму ўпраўленню ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама ва ўстаноўленым парадку даручана прыняць меры па недапушчэнні правядзення мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі і размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для гэтых мэтаў месцах. А паколькі за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў згодна з артыкулам 21.14 КаАП РБ прадугледжаная адміністратыўная адказнасць – чакаем рэакцыі праваахоўных органаў.
Падобныя метады ніяк не ўпрыгожваюць кандыдата, тым больш, што Сяргей Казлоў - чалавек вядомы, з'яўляеецца генеральным дырэктарам Спартыўна-аздараўленчага комплексу “Алімпійскі” і нават сябрам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Крыніца: Кандыдат Казлоў пачаў “добраўпарадкаваць” тэрыторыю выбарчай акругі Фота