Два гады таму, 9 жніўня 2020 года, у Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх былі сфальсіфікаваныя. Гэты дзень стаў кропкай незвароту ў гісторыі сучаснай Беларусі. З тых часоў цягам усіх 730 дзён беларусы пакутуюць ад рэпрэсій: кожны дзень у Беларусі адбываюцца затрыманні і катаванні пратэстоўцаў, утрыманне іх за кратамі ў нечалавечых умовах па надуманых прычыных па крымінальных і адміністацыйных справах. Беларускія ўлады вядуць жорсткую барацьбу са шматдзетнымі маці, пенсіянерамі, студэнтамі, лекарамі, праваабаронцамі, журналістамі, настаўнікамі і з іншымі прадстаўнікамі беларускага грамадства, якія рознымі спосабамі выказваюць нязгоду з дзейнай уладай. За два гады з пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі амаль 12000 чалавек трапілі пад адміністрацыйны пераслед, больш за 1260 чалавек утрымліваюцца за кратамі па палітычных матывах, супраць некалькіх тысяч чалавек ужываліся і працягваюць ужывацца катаванні і збіццё. За два гады колькасць палітвязняў павялічылася амаль у 50 разоў. Нягледзячы на штодзённыя рэпрэсіі беларусы працягваюць пратэставаць супраць рэжыму. "Вясна" ў лічбах распавядае пра беспрэцэндэнтна жахлівае становішча з правамі чалавека ў Беларусі, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе сітуацыю, у якой мы апынуліся, і заклікае паведамляць праваабаронцам пра рэпрэсіі. Больш за 5000 “пратэсных” крымінальных справаў было заведзена за два гады, фігурантамі і фігуранткамі якіх сталі больш за тры тысячы чалавек. Не менш за 1800 чалавек былі прызнаныя вінаватымі па палітычна-матываваных справах і асуджаныя да пакаранняў. Сярод іх нават — забіты 11 жніўня 2020 года агнястрэльным раненнем у галаву падчас пратэстаў у Брэсце Генадзь Шутаў. Ён пасмяротна прызнаны вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК), а яго сябра і сведку забойства сябра Аляксандра Кардзюкова асудзілі да 10 гадоў зняволення.

pushkinskaya_9.jpg
15 жніўня, "Пушкінская", развітванне з загінулым дэманстрантам Аляксандрам Таркоўскім на акцыі пратэсту 10 жніўня. Фота: spring96.org

Два гады з 9 жніўня 2020 года ў лічбах

Пры гэтым, па стане на 9 жніўня 2022 года органамі пракуратуры і Следчым камітэтам не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па фактах смерці пратэстоўцаў і ўжывання да іх катаванняў і жорсткага абыходжання. Да гэтага часу не расследаваны і не прыцягнутыя да адказнасці вінаватыя за смерць Аляксандра ТарайкоўскагаГенадзя Шутава, Аляксандра Віхора, Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка.

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1262 палітычных зняволеных. За кратамі ўтрымліваюцца амаль усе прадстаўнікі беларускага грамадства: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, падлеткі, студэнты, завадчане, былыя чыноўнікі і сілавікі, настаўнікі, культурныя дзеячы, лекары, будаўнікі, навукоўцы і іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калоніі адпраўляюць шматдзетных маці, непаўнагадовых, пенсіянераў і людзей з захворваннямі. Мноства людзей знаходзяцца ў зняволенні з сур’ёзнымі захворваннямі, але не атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу. А цягам ўсяго часу ў няволі на палітвязняў аказваецца бесперапынны ціск з боку адміністрацыі ўстановаў.

Семярых нашых калегаў і каляжанак да гэтага часу працягваюць утрымліваць у месцах зняволення за іх прынцыповую пазіцыю і нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Гэта старшыня Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка і валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк. Тыя, хто адстойваў правы беларусаў, цяпер самі апынуліся за кратамі.

Па адміністрацыйных справах было затрымана не менш за 40000 чалавек. Праваабаронцам вядома пра вынікі 11 924 судовых працэсаў, па якім 7 521 чалавек былі кінутыя на “суткі”, што ў суме складае 282, 25 года на ўсіх беларусаў за два гады. Аштрафана было не менш за 4 403 чалавек на агульную суму 3 011 392 беларускіх рублёў.

*дадзеныя могуць быць няпоўнымі праз тое, што не пра ўсе факты рэпрэсій беларусы паведамляюць праваабаронцам, суды часта праводзяцца ў закрытых пасяджэннях, інфармацыя ад афіцыйных ведамстваў не абнаўляецца і не заўсёды гэтым дадзеным можна давяраць. 

"Рэжым па-ранейшаму баіцца праўды і аб'ектыўных вывераных ацэнак сітуацыі ў Беларусі" 

Павел Сапелка. Фота:
Павел Сапелка. Фота: "Белсат"

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка заклікае беларусаў працягваць паведамляць пра кожны вядомы факт рэпрэсій: 

"9 жніўня надоўга стане памятнай датай – гэта дзень надзеі і болю, калі прыхільнікі дэмакратыі прагаласавалі за прагрэсіўную будучыню і супраць дыктатуры, а абаронцы таталітарнай мадэлі існавання дзяржавы пачалі абмотваць калючым дротам і без таго несвабодны і крохкі будынак нашай дзяржаўнасці.

У гэты дзень два гады таму мы прыйшлі з дваццаццю шасцю палітвязнямі, і з тых часоў махавік рэпрэсій не спыніўся ні на дзень: 1262 палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончымі арганізацыямі, сотні людзей, якія прайшлі праз ізалятары і калоніі і выйшлі на волю; дзесяткі тысяч пратэстоўцаў і іншадумцаў, якія прайшлі праз адміністрацыйнае затрыманне або арышт.

Наўрад ці хтосьці марыў пра такія вынікі два гады таму, але толькі нешматлікія ўяўлялі сабе, як далёка можа зайсці ўлада, якая страціла адначасова юрыдычныя правы і фактычную легітымнасць.

Палітвязні, якіх трымае ў закладніках улада, – не адзіная страта грамадзянскай супольнасці: тысячы людзей, выдушаных з краіны пад пагрозай адвольнага пазбаўлення волі і катаванняў, цяпер вымушаныя зноўку адбудоўваць сваё жыццё, сотні ліквідаваных арганізацый пазбавіліся магчымасці папоўніць тое, чаго не магла ці не хацела даць людзям дзяржаву, і ўсё гэта так ці інакш адаб'ецца на грамадстве.

Сямёра праваабаронцаў-палітвязняў – гэта цана, якую заплаціла "Вясна" за сваю дзейнасць па абароне правоў чалавека.

Трыццаць супрацоўнікаў СМІ ў няволі і дзесяткі мінулых праз заключэнне – гэта цана, якую заплацілі дэмакратычныя СМІ за сваё права шукаць і распаўсюджваць поўную і праўдзівую інфармацыю.

Дапамаганне ў агрэсіўнай вайне супраць украінскага народа, за якое высокую цану прыйдзецца плаціць нам і нашым нашчадкам – гэта цана, якую заплаціў рэжым за захаванне сваёй улады.

Стратэгічна мы працягваем патрабаваць ад уладаў спыненні ўсіх рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да грамадзян, незалежных СМІ і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці; вызваленні і рэабілітацыі асуджаных за рэалізацыю або абарону грамадзянскіх правоў чалавека і свабод і справядлівага перагляду спраў асуджаных па палітычных матывах за іншыя злачынствы; павагі правоў чалавека.

Таксама мы працягваем збіраць доказы злачынстваў супраць чалавецтва, учыненых прадстаўнікамі рэжыму і якія не маюць тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Гэта наша вайна за справядлівасць, за гісторыю і памяць жніўня 2020 года, якую рэжым спрабуе перапісаць і прымусіць забыцца. Гэта наша барацьба супраць беспакаранасці, якая спараджае новыя злачынствы.

Мы са шкадаваннем адзначаем, што ў шэрагі злачынцаў у форме, з рукамі ў крыві пратэстоўцаў, ахвотна ўсталі беларускія суддзі, ператварыўшы правасуддзе ў інструмент адвольных рэпрэсій па палітычных матывах супраць уласнага народа.

Таму нават у абстаноўцы татальнага запалохвання мы просім беларусаў не маўчаць – паведамляць нам пра кожны вядомы факт катаванняў, жорсткасці і палітычна матываванага пазбаўлення волі або асуджэння да іншых відаў пакарання. Таму што нават сёння, запалохваючы людзей прапагандысцкімі ролікамі і пагражаючы адвольнымі або неадпаведнымі тэрмінамі пазбаўлення волі, рэжым па-ранейшаму баіцца праўды і аб'ектыўных вывераных ацэнак сітуацыі ў Беларусі.

Як бы не хацелася спадзявацца на хуткае вызваленне палітвязняў, даводзіцца прызнаць і прыняць магчымасць такой сітуацыі, што іх чакаюць розныя, часта працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Таму наш маральны абавязак перад імі – захаваць і памножыць падтрымку гэтых людзей у месцах пазбаўлення волі, стварыць механізмы іх фізічнай, псіхалагічнай і сацыяльнай падтрымкі і рэабілітацыі пасля вызвалення".

Крыніца: “Гэта наша вайна за справядлівасць і памяць жніўня 2020 года”: два гады пасля выбараў