6 жніўня Гарачая Лінія Праваабарончага цэнтра "Вясна" адзначае свой Дзень народзінаў — ёй спаўняецца два гады. Створаная ў 2020-м, Лінія за час свайго існавання прыняла тысячы зваротаў. Сёння "Вясна" распавядае пра тое, як развівалася Гарачая Лінія і якія выклікі перад ёй стаялі.

Як адкрылі Гарачую Лінію?

З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў 2020 года назіралася вялікая падтрымка грамадствам альтэрнатыўных кандыдатаў. На гэта, як меркавалі праваабаронцы, улады адкажуць рэпрэсіямі — што прывядзе да масавых затрыманняў. Таму трэба будзе аказваць дапамогу ў пошуку затрыманых, а таксама кансультаваць іх родных у тым, што ж рабіць. Планавалася, што кансультацыі ў такім пашыраным фармаце зоймуць некалькі дзён перад і пасля асноўнага дня галасавання — 9 жніўня.

Але ніхто не чакаў, што пратэсты і рэпрэсіі зацягнуцца так надоўга. І Гарачая Лінія працуе дагэтуль.

Этапы жыцця Гарачай Лініі

6-9 жніўня

Гарачая лінія адкрываецца 6 жніўня ў дзвух фарматах: мабільны нумар для тэлефанавання і акаунт у тэлеграме @ViasnaSOS. А ў Беларусі ў гэты час праводзілася датэрміновае назіранне за выбарамі.

Сярод тых, хто тады прымаў звароты праз мабільны тэлефон, была Дар’я Рублеўская:

“Да нас звярталіся па пытаннях назірання — то бок людзі, якія хацелі адразу паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках. Памятаеце пра фотаздымак мужчыны, які абляцеў інтэрнэты?  Як ён стаіць на зэдліку з біноклем і намагаецца праз зачыненыя фіранкі ўчастка для галасавання нешта там разглядзець”, — успамінае Дар’я Рублеўская.

 А бліжэй да асноўнага дня галасавання на Гарачую Лінію сталі паступаць звароты пра затрыманні назіральнікаў:

Viasna96 · Дар’я Рублеўская пра звароты на Гарачую Лінію перад 9 жніўня: “Тут такое!”

Набліжаўся асноўны дзень галасавання — 9-га жніўня.

У тую дату Дар'я дзяжурыла і ноччу, але на мабільны нумар так і не паступіла ніводнага звароту. Як аказалася, яго заблакавалі. Дакладныя прычыны блакіроўкі праваабаронцы  так і не змаглі высветліць — мабільны аператар іх папросту не патлумачыў.

Але працягваў працаваць тэлеграм-акаунт @ViasnaSOS. На яго паступалі як паведамленні, так і званкі.

“Мы працавалі кругласутачна, без перапынку. Але сотні паведамленняў у тэлеграме былі ў чарзе", — кажа Ціна, якая прымала звароты на @ViasnaSOS у гэтыя дні.

Колькасць зваротаў была настолькі вялікая, што на некаторы час з акаўнтам @ViasnaSOS здарылася невялікая затрымка — тэлеграм пачаў прасіць прайсці дадатковую верыфікацыю акаўнта.

"Як аказалася, такое ў тэлеграме ёсць — занадта шмат трафіку праходзіла праз нумар", — распавёў юрыст Грамадскай прыёмнай "Вясны".

Таму адкрыўся дадатковы акаўнт @SOSViasna. А таксама ў Гарачай Лініі запрацаваліі новыя мабільныя нумары.

Першыя дні пасля 9 жніўня

Па прыблізных падліках "Вясны", у першыя дні пасля 9 жніўня Гарачая Лінія прымала па тысячы зваротаў у дзень. Аднак чалавечых сіл было недастаткова. Да Лініі далучыліся новыя валанцёры, сярод якіх — Крысціна:

"11 жніўня я ехала ў метро — і тады з'явіліся першыя навіны пра затрыманых на Акрэсціна — пра тое, што іх там зьбіваюць, — успамінае дзяўчына. — На наступны дзень я пачала шукаць, як я магу дапамагчы, і 13 жніўня я прыйшла валанцёрыць у "Вясну". Для гэтага я брала адгулы на сваёй асноўнай працы".

Людзі тэлефанавалі пастаянна, прыгадвае Крысціна. Бо затрыманых было вельмі шмат, а сілавыя структуры не падавалі ніякай інфармацыі пра іх. А яшчэ былі ў Беларусі былі праблемы з інтэрнэтам. Пра алгарытмы дзеянняў у пошуку затрыманых і распавядала Гарачая Лінія:

"Мы раздавалі тэлефоны РУУС, казалі, дзе затрыманыя могуць быць, як іх шукаць, — кажа Крысціна. — З раніцы да вечара на працягу наступных двух тыдняў тэлефон званіў  пастаянна: кладзеш трубку — і адразу наступны званок. Было вельмі цяжка, бо ў сярэдзіне дня язык ўжо заплятаўся. У нас было каля чатырох тэлефонаў — і чатыры трубкі працавалі ўвесь час".

Акрамя кансультацый, Гарачая лінія фармавала і спісы затрыманых. Яны публікаваліся на сайце "Вясны".

Другая палова жніўня-восень 2020-га

Валанцёрка Стэфанія ўспамінае гэты час як пастаянныя хвалі: на працягу тыдня Гарачая Лінія працягвала прымаць зварот, але ў нядзелю іх колькасць рэзка павялічвалася — бо праходзілі пратэстныя маршы.

"Асноўныя пытанні: затрымалі — што рабіць? Дзе ўзяць адваката? Альбо чалавек ужо выйшаў пасля затрымання — як падаваць скаргі?  Часта пыталі пра тое, як перадаваць перадачы адміністрацыйна затрыманым”, — кажа Стэфанія.

Восень 2020-га запомнілася валанцёркам і валанцёрам Гарачай Лініі і пачаткам новага тыпу зваротаў — на людзей сталі заводзіць крымінальныя справы.

"І гэта былі больш складаныя эмацыйныя размовы, — дзеліцца валанцёрка Таня. — Так, канешне, адміністрацыйныя затрыманні — гэта таксама складана, але калі людзі ведаюць, што ў іх ужо крыміналка..."

Пасля восені 2020-га

"За амаль два гады свайго валанцёрства на @ViasnaSOS Таня прыняла сотні зваротаў.

"Пытанні з цягам часу моцна не памяняліся,  —  адзначае Таня. —Толькі рэпрэсіі сталі больш жорсткімі. Калі раней чалавека затрымлівалі за мітынг, то цяпер, напрыклад, за тое, што выпадкова паставіў лайк у Інтэрнэце".

У 2021 і 2022 годзе "хвалі" зваротаў былі ўжо не штотыднёвымі: яны сталі прывязвацца да пэўных дат.

"Дзень Волі (25 сакавіка), Дзень незалежнасці (27 ліпеня), рэферэндум пасля вайны (27 лютага 2022-га года", — пералічвае валанцёрка. — І заўсёды бывае так: напярэдадні (за два-тры тыдні да падзеі) пачынаюцца "зачысткі". Бліжэй да даты яны максімальныя. А потым на працягу наступнага тыдня іх актыўнасць (і, адпаведна, актыўнасць зваротаў на Гарачую Лінію) — ідзе на спад".

Акрамя дат, хваля зваротаў звязаная і з нечаканымі падзеямі: напрыклад, пасля смерці Андрэя Зельцэра дзясяткі людзей былі затрыманыя за каментары ў Інтэрнэце — а іх блізкія шукалі дапамогі на Гарачай Лініі, якая ўжо цалкам перайшла ў тэлеграм фармат — акаунт @ViasnaSOS.

Звароты на Гарачую Лінію — якія яны?

Гарачая Лінія прыводзіць статыстыку: у 2021 і 2022 гадах траціна ад зваротаў — гэта запыты аб пошуку і дапамозе адміністрацыйна затрыманым, яшчэ траціну складаюць пытанні аб крымінальным пераследзе. Шмат пытанняў паступае аб юрыдычнай дапамозе: што рабіць, калі прыйшла позва, як абскардзіць пастанову і інш.

Але Гарачая Лінія дапамагае разабрацца і ў індывідуальных сітуацыях. Напрыклад, што рабіць, калі ў затрыманага цукровы дыябет? Як быць, калі патрэбна псіхалагічная дапамога? Як дзейнічаць, калі  звальняюць з працы ці адлічваюць з універсітэта?

"Гарачая лінія "Вясны" — гэта самы даступны варыянт, каму можна проста напісаць:  ня трэба запаўняць нейкія формы або тэлефанаваць па тэлефоне (бо тэлефанаванне з цягам часу стала небяспечным), — адзначае Таня. —  І са свайго боку Гарачая Лінія забяспечвае поўную бяспеку сувязі. А калі патрэбныя неабходныя рэкамендацыі па бяспецы з боку тых, хто звярнуўся, то мы заўсёды можам іх даць. А яшчэ @ViasnaSOS працуе кожны дзень.І ўсё гэта бясплатна".

У складаных сітуацыях — калі патрэбна пастаянная дапамога і кансультацыя (напрыклад, у выпадку крымінальнага зняволення), валанцёры Гарачай Лініі перанакіроўваюць чалавеку да іншых спецыялістаў "Вясны".

"Наша задача — даць першасны інструктаж, — адзначае Таня. — То бок  @ViasnaSOS для чалавека як "хуткая дапамога" — каб потым перадаць яго у рукі дактароў".

За 2020 год Гарачая Лінія прыняла не менш за 10 127 зваротаў (але ў першыя дні пасля 9 жніўня некаторыя звароты не паспявалі фіксаваць). У 2021-м годзе колькасць зафіксаваных зваротаў складала 2134.

2022-ы год яшчэ працягваецца, а рэпрэсіі ў Беларусі — таксама.

"Сілавыя структуры пры затрыманні не інфармуюць чалавека аб яго правах. Мы ж расказваем, якія правы ёсць у чалавека і як іх абараняць згодна і нацыянальнаму заканадаўству Беларусі, і міжнародным стандартам правоў чалавека, — адзначаюць прадстаўнікі Гарачай Лініі. — А яшчэ інфармацыя пра рэпрэсіі, якую збірае @ViasnaSOS, вельмі важная для грамадскасці: яна кладзецца ў аснову штомесячных і гадавых справаздач ПЦ "Вясна" пра рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама часта становіцца абгрунтаваннем пры звароце ў міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека.

Звяртайцеся на Гарачую Лінію "Вясны"!

Пішыце ў тэлеграм на @ViasnaSOS, @SOSViasna

Крыніца: ViasnaSOS як "хуткая дапамога". 6 жніўня Гарачая Лінія "Вясны" адзначае сваё двухгоддзе