Барысаўскі назіральнік Алег Мацкевіч прааналізаваў месцы, дазволеныя раённымі ўладамі для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў і параўнаў сітуацыю з мінулымі выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія адбыліся ў 2014 годзе.
Так, падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2014 г. Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб зацьверджанні пераліку месцаў, найбольш наведвальных грамадзянамі, для разьмяшчэньні агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Пералік складаўся з 120 пунктаў. У яго ўваходзілі сельскія выканаўчыя камітэты, установы адукацыі, культуры і аховы здароўя Барысаўскага раёну, аддзяленні паштовай сувязі, найбольш значныя і буйныя крамы і гандлёвыя цэнтры; доўгі спіс арганізацый, прадпрыемстваў і інтэрнатаў раёну.
А ў часе правядзення кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2018 г. рашэннем Барысаўскага райвыканкама зацверджаны пералік месцаў для размяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў, які ўтрымлівае 10 пунктаў. У пералік увайшлі: інфармацыйныя стэнды арганізацый, у будынках якіх разьмешчаны ўчасткі для галасавання; інфармацыйныя стэнды (апрача білбордаў), размешчаныя на тэрыторыі населеных пунктаў Барысаўскага раёну; інфармацыйныя стэнды ў будынках Барысаўскага раёнвыканкаму й сельскіх выканаўчых камітэтаў; інфармацыйна-рэкламныя тумбы, стэнды, дошкі аб’яваў на прыпыначных пунктах транспарту агульнага карыстання (у тым ліку чыгуначнага); інфармацыйныя стэнды, дошкі аб’яваў, размешчаныя ў арганізацыях аховы здароўя, культуры, адукацыі; інфармацыйныя стэнды аб’ектаў гандлю; інфармацыйныя стэнды аддзяленняў сувязі; інфармацыйныя стэнды банкаў (доўгі спіс); інфармацыйныя стэнды жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый (у тым ліку інфармацыйныя стэнды, размешчаныя каля ўваходных групаў пад’ездаў жылых дамоў), інтэрнатаў; інфармацыйныя стэнды іншых арганізацый, не ўказаных вышэй (па згодзе з кіраўніком).
“Такім чынам, – адзначае назіральнік, – можна заўважыць, што пералік аб’ектаў, дзе можна размяшчаць агітацыйныя матэрыялы, павялічаны. Пры гэтым новым з’яўляецца ўдакладненне адносна месца размешчэння агітацыйных аб’ектаў у межах дазволеных аб’ектаў: гэта ў абавязковым парадку павінны быць інфармацыйныя стэнды”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Барысаў: пералік аб’ектаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў павялічаны