Уладзіслаў Плюшчаў 4 жніўня суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне па справе Уладзіслава Плюшчава, якого абвінавачваюць адрузу па двух крымінальных артыкулах: за паклеп (арт. 188 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Алена Бушава, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды.

Абвінавачаны Уладзіслаў Плюшчаў — знакаміты беларускі музыка. Граў у гуртах "Крамбамбуля", ZET, Pomidor/off и Hasta la Fillsta.

Яго затрымалі 12 красавіка гэтага года, пад прымусам запісалі з ім "пакаяльнае" відэа і асудзілі на 25 сутак — за тое, што хадзіў на маршы ў 2020-м і быў падпісаны на "экстрэмісцкія" каналы.

Па сканчэнні сутак гітарысту прад'явілі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах: арт. 188 КК, арт. 369 КК і ч. 1 арт. 179 КК. Але, як стала вядома праваабаронцам, у траўні з яго справы выключылі абвінавачванне па ч. 1 арт. 179 "Незаконны збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці".

У чаканні суда пад вартай музыка правёў амаль тры месяцы. Аб іншых падрабязнасцях справы невядома.

Па дадзеных "Беларускай Рады культуры", 2 жніўня суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Уладзіслава Плюшчава вінаватым ва ўчыненні злачынстваў па арт. 188 КК "Паклеп" і арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады", прысудзіўшы яму два гады папраўчай калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд вынес музыку штраф у памеры 6 400 рублёў і прыняў рашэнне аб канфіскацыі яго асабістага аўтамабіля.

Крыніца: Гітарысту "Крамбамбулі" і Pomidor/off Уладзіславу Плюшчаву прысудзілі 2 гады калоніі