Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- на пачатак 2018 гадоў ў месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка;
- працягваўся крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка; на працягу месяца назіралася актывізацыя следчых мерапрыемстваў і масавыя выклікі актывістаў прафсаюза ў Следчы камітэт;
- 24 студзеня Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу «Хартыя-97» (www.charter97.org) у сувязі з размяшчэннем на дадзеным рэсурсе матэрыялаў, у якіх змяшчаецца «забароненая інфармацыя». Дадзены факт выклікаў крытыку з боку незалежнай журналісцкай супольнасці краіны і праваабаронцаў. Варта адзначыць, што ў снежні 2017 г. Мінінфарм прыняў рашэнне аб блакаванні інфармацыйнага рэсурсу «Беларускі партызан» (www.belfruspartisan.org);
- 20 студзеня Мінскі гарадскі суд прысудзіў да смяротнай кары Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава. 26 студзеня праваабаронцам стала вядома аб яшчэ адным прысуджаным да смяротнага пакарання ў верасні 2017 г. — Віктары Лётаве. Такім чынам, на пачатак 2018 г. у камерах смяротнікаў у СІЗА № 1 г. Мінска знаходзіліся 7 чалавек, прысуды ў дачыненні да пяці з іх ужо ўступілі ў законную сілу;
- у краіне працягваюцца выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Па выніках візіту ў краіну спецпрадстаўніка ПА АБСЕ Кента Харстэда стала вядома, што ўлады краіны адмовіліся ад працягу распачатага ў 2016 працэсу рэфармавання выбарчага заканадаўства з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ;
- такім чынам, у студзені не было зафіксавана істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека, а некаторыя падзеі сведчаць пра адсутнасць палітычнай волі ва ўладаў краіны да правядзення якіх-небудзь сістэмных рэформаў, накіраваных на дэмакратызацыю ў грамадстве.
На пачатак 2018 г. у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка.
ПЦ “Вясна” мае інфармацыю аб ціску супраць Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай установы, які выяўляецца ў нежаданні забяспечыць такія ўмовы адбыцця пакарання, якія б гарантавалі палітвязню абарону яго жыцця і здароўя.
Дадзеныя факты з'яўляліся прычынай шматразовых зваротаў праваабаронцаў у адрас ДВП МУС.
ПЦ “Вясна” стала вядома, што Міхаіл Жамчужны з 6 студзеня змешчаны на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
17 студзеня Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргу Міхаіла Жамчужнага на рашэнне суда першай інстанцыі, які прызнаў правамерным спагнанне палітвязню, накладзенае ў горацкай калоніі № 9.
Згодна з матэрыяламі справы, 3 жнiўня 2017 года адміністрацыя калоніі змясціла Жамчужнага ў штрафны ізалятар за тое, што ён адмовіўся пераходзіць у атрад № 13, дзе знаходзяцца зняволеныя з нефармальным нізкім статусам. Сваю адмову палітвязень назваў вымушанай дзеля захавання ўласнага гонару і рэпутацыі, і адзначыў, што цяпер пры знаходжанні ў любым атрадзе гэтай калоніі яго жыццю і здароўю пагражае небяспека. Ён папрасіў забяспечыць яму бяспечнае знаходжанне ў пенітэнцыярнай установе. Жамчужны таксама адзначыў, што да стварэння канфліктнай сітуацыі з іншымі вязьнямі ён без пярэчанняў выконваў патрабаванні адміністрацыі.
23 студзеня прафсаюз РЭП выступіў з заявай, якая была накіраваная ў Генеральную пракуратуру Беларусі і ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП), а таксама ў міжнародныя прафсаюзныя аб'яднанні. У заяве, у прыватнасці, адзначаецца актывізацыя следчых дзеянняў па раней распачатай у дачыненні да Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка крымінальнай справе. У прыватнасці, за апошні час у следчыя органы былі выкліканы больш за 90 членаў прафсаюза. Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч расцэньвае дадзеныя факты як непрыхаваны ціск уладаў на сяброў незалежнага прафсаюза з мэтай яго далейшай дыскрэдытацыі.
Жорсткае абыходжанне
У навагоднюю ноч у Слуцку Юрый Мяцельскі быў спынены супрацоўнікам АМАП для праверкі дакументаў. Спроба запісаць асабісты нумар супрацоўніка закончылася затрыманнем і дастаўленнем у РАУС. У памяшканні РАУС Юрый падвергнуўся жорсткаму абыходжанню; былі таксама парушаныя яго працэсуальныя правы. Дзеянні супрацоўнікаў АУС абскарджваюцца.
Маці асуджанага да смяротнага пакарання Ігара Гершанкова Людміла Гершанкова звярнулася ў Следчы камітэт з інфармацыяй аб парушэннях заканадаўства падчас папярэдняга следства па справе і збіцці яе сына ў месцах пазбаўлення волі. Ігар Гершанкоў працягвае сцвярджаць, што не вінаваты ў забойствах і яго вымусілі, ужываючы фізічную сілу і псіхалагічны ціск, напісаць яўку з павіннай. Скарга маці асуджанага пакінута па-за ўвагай.
Пракуратура Дзяржынскага раёна ў другі раз адмяніла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія нанеслі не менш 26 цялесных пашкоджанняў пры затрыманні жыхара Фаніпаля Сяргея Ткачэнкі. У складзенай пры дапамозе юрыстаў ПЦ “Вясна” скарзе ў пракуратуру збіты міліцыяй мужчына паказаў, што Дзяржынскім раённым аддзяленнем Следчага камітэта 19 жніўня 2017 года ізноў была неабгрунтавана вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, з чым ён катэгарычна не згодны.
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 15 студзеня абвінавачваны Пётр Іваноў у судовым пасяджэнні па крымінальнай справе заявіў, што ў СІЗА яго жорстка збівалі. Адразу папрасіў суддзю, каб той дазволіў падчас дачы паказанняў не ўставаць з лаўкі, патлумачыўшы, што пасля таго, як у СІЗА № 2 яго жорстка збівалі, у яго баляць ногі. Пазней яшчэ раз казаў пра гвалт у СІЗА: “Мяне тройчы збівалі, апошні раз — да паўсмерці”. Судом рашэння аб правядзенні адпаведнай праверкі не прынята.
Пракуратура Першамайскага раёна г. Мінска лічыць адмову раённага Следчага камітэта ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця юрыста ПЦ “Вясна” Аляксея Лойкі 25 сакавіка пры налёце міліцыі на офіс арганізацыі законнай і абгрунтаванай. Пра гэта гаворыцца ў адказе пракурора Віктара Праневіча на скаргу праваабаронцы, у якой ён паказваў на шэраг недахопаў пры правядзенні праверкі Следчым камітэтам.
Даследаванне становішча ва ўстановах несвабоды, а таксама прыняцце прававых мер супраць прымянення катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання з’яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці Праваабарончага цэнтра «Вясна». У студзені выдадзена і прадстаўлена ў Мінску маніторынгавая справаздача «Республика Беларусь: места несвободы», якая з’яўляецца свайго роду абагульненнем апошніх шасці гадоў працы арганізацыі ў гэтым кірунку. Даследаванне прыходзіць да высновы, што аздначаныя раней праваабаронцамі праблемы ў месцах пазбаўлення волі застаюцца і многія з іх пры цяперашнім заканадаўчым рэгуляванні носяць непапраўны характар. Таму ў рэкамендацыях ураду, дзяржаўным органам і заканадаўцам гаворыцца аб неабходнасці змяненняў у заканадаўстве з тым, каб яно больш поўна адпавядала інтарэсам захавання правоў чалавека. Правы чалавека — менавіта той ракурс, з якога ў справаздачы разглядаецца становішча ў месцах пазбаўлення волі.
Свабода выказвання меркаванняў, ціск на журналістаў
12 студзеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі Любові Лунёвай, якую за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам «Белсат» пакаралі штрафам у памеры 980 рублёў. Такім чынам, ціск на незалежных журналістаў працягваецца.
24 студзеня Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу «Хартыя-97» (www.charter97.org) у сувязі з размяшчэннем на дадзеным рэсурсе матэрыялаў, у якіх змяшчаецца «забароненая інфармацыя».
Праваабарончы цэнтр “Вясна” занепакоены тым, што ў апошні час адбываецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Праваабаронцы лічаць, што блакаванне сайта “Хартыя-97” з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем права на свабоду выказвання. Гэта грубае парушэнне міжнародных абавязальніцтваў у галіне свабоды слова і наогул правоў чалавека з боку беларускіх уладаў.
Смяротнае пакаранне
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з тэрміновым зваротам за захаванне жыцця Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному, якіх 21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прысудзіў да смяротнай кары.
20 студзеня Мінскі гарадскі суд па выніках паўторнага разгляду пасля адмены раней вынесенага прысуду абвясціў прысуды абвінавачаным ў забойстве ў снежні 2015 года маладой пары з Мінска і мужчыны з Калодзішчаў: Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў прысуджаныя да смяротнага пакарання.
Варта адзначыць, што гэта першы смяротны прысуд, вынесены менавіта Мінскім гарадскім судом за перыяд дзейнасці кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (з 2009 года).
Нагадаем, першы раз Мінгарсуд абвясціў прысуд па дадзенай справе 6 сакавіка 2017 года: пажыццёвае зняволенне для мужчын і 12 гадоў пазбаўлення волі для жанчыны. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах.
З першым прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. Апеляцыйныя скаргі ў ВС накіравалі абвінавачаныя, іх абаронцы і пацярпелыя. Апеляцыйны пратэст на мяккасць прысуду Мінгарсуда прынесла пракуратура.
Еўрапейскі саюз рэзка раскрытыкаваў Беларусь за смяротныя прысуды, вынесеныя двум мужчынам 20 студзеня.
З адпаведнай заявай 23 студзеня выступіла прэс-сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч, у якой яна паўтарыла свой заклік да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб адмене смяротнага пакарання.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з тэрміновым зваротам за захаванне жыцця раней асуджанага на смерць Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнова, якіх 21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прысудзіў да смяротнай кары.
Тым часам, 26 студзеня праваабаронцам стала вядома пра яшчэ аднаго чалавека — Віктара Лётава — прысуджанага да пакарання смерцю 22 верасня 2017 г. Віцебскім абласным судом. Дадзены прысуд не быў абскарджаны, не апратэстоўваўся і ўступіў у законную сілу 6 кастрычніка 2017 г.
Такім чынам, на пачатак 2018 г. у камерах смяротнікаў у СІЗА № 1 у г. Мінску знаходзяцца 7 чалавек, асуджаных на смерць, прысуды ў дачыненні да пяці з іх ужо ўступілі ў законную сілу (К. Казачок, А. Міхаленя, І. Гершанкоў, С. Беражной і В. Лётаў), а асуджаныя да смерці В. Сухарко і А. Жыльнікаў яшчэ маюць права абскардзіць вынесеныя прысуды ў судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2018