28 студзеня ў ЗША на 90-ым годзе жыцця памёр амерыканскі грамадскі дзеяч, тэарэтык негвалтоўнага супраціву Джын Шарп.
Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг па негвалтоўным супраціве, такіх як “Ад дыктатуры да дэмакратыі”, “Палітыка негвалтоўнага дзеяння”, “Гандзі як палітычны страцег”, “Зрабіць Еўропу непакорнай” ды іншых. Кнігі Шарпа перакладзены на больш чым за 40 моваў і выкарыстоўваліся барацьбітамі супраць дыктатарскіх рэжымаў у якасці практычных дапаможнікаў у сваёй справе.
Сам тэарэтык у маладосці быў актыўным удзельнікам акцый пратэсту супраць расавай дыскрымінацыі. Ён правёў дзевяць месяцаў у турме за адмову ісці на Карэйскую вайну з ідэалагічных меркаванняў.
З 1972 года Шарп з’яўляўся прафесарам паліталогіі Масачусецкага ўніверсітэту, у 1983 годзе заснаваў Інстытут імя Альберта Эйнштэйна.
Джын Шарп доўга вывучаў вопыт рэвалюцыянераў кшталту Гандзі. Ён быў перакананы ў тым, што мірныя акцыі пратэсту заўсёды будуць больш эфектыўнымі, чым гвалтоўныя, бо ўжыванне гвалту дае зручную падставу дыктатарскай уладзе для прымянення рэпрэсій супраць пратэстоўцаў.
Шарп асабіства наведваў тыя месцы, дзе адбываліся масавыя і пры гэтым трагічныя пратэстныя падзеі.
У кнізе “Ад дыктатуры да дэмакратыі” Шарп прывёў 198 мэтадаў негвалтоўных дзеянняў, якімі грамадзяне могуць змагацца з дыктатурай.
Гэта, напрыклад, публічныя заявы з подпісамі вядомых людзей, вывешванне сцягоў і нашэнне сімвалаў, малітвы і богаслужэнні, высмейванне або пераслед афіцыйных асобаў, сатырычныя ўзнагароды, газеты і ўлёткі, мітынгі пратэсту ці маўклівыя акцыі, надпісы на зямлі камянямі ці кветкамі, байкот грамадзкіх падзеяў, забастоўкі, паварочваньне сьпінай або галадоўка, спыненьне сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях, адмова ад выплаты падаткаў.
Крыніца: Не стала тэарэтыка негвалтоўнага супраціву Джына Шарпа