Ліст з раённай выбарчай камісіі аб немагчымасці правядзення сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты Аршанскага райсавета ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Булаўка атрымаў толькі праз два дні пасля заяўленай ім даты мерапрыемства.
Пра інцыдэнт паведамляе наш назіральнік з Оршы Ігар Казмерчак. Ён высветліў, як развівалася сітуацыя, у выніку якой сустрэча апазіцыйнага кандыдата з грамадскасцю была сарваная.
Аляксандар Булаўка ў пятніцу 26 студзеня падаў заяву ў Аршанскую раённую выбарчую камісію з тым, каб у нядзелю 28 студзеня правесці сустрэчу ў памяшканні школы мастацтваў №1. З яго словаў, сакратарка камісіі прыняла заяву і сказала, што для правядзення сустрэчы больш нічога не патрабуецца.
На наступны дзень інфармацыя пра сустрэчу з'явілася на сайтах. Прычым планавалася, што яна будзе сумешчаная з прэзентацыяй некалькіх кніг беларускіх навукоўцаў з удзелам аўтараў (а на такія мерапрыемствы ў Оршы даўно немагчыма атрымаць памяшканні). 28 студзеня, калі людзі пачалі збірацца ў прызначаным месцы, да іх выйшаў дырэктар школы мастацтваў (у выходны дзень ён апынуўся на працы) і паведаміў, што яго пра сустрэчу з кандыдатам ніхто не папярэджваў, а школа ў нядзелю не працуе - таму сустрэчы не будзе.
У аўторак 30 студзеня Аляксанр Булаўка атрымаў ліст з раённай выбарчай камісіі. Цікава, што сам адказ камісіі датаваны 26-м студзеня – тым днём, калі была пададзена заява кандыдатам. На паштовым штампе стаіць дата 27 студзеня (за дзень да сустрэчы), а на штампе дастаўкі - 30 студзеня. У запаздалым адказе камісіі напісана, што заяўленая сустрэча не можа праводзіцца з той прычыны, што школа не працуе ў нядзелю, і прапанавана выбраць нейкі іншы дзень.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Крыніца: Орша: першая публічная сустрэча дэмакратычнага кандыдата з выбаршчыкамі была сарваная