Юрась Лукашэвіч, старшыня Моладзі БНФ. Фота: Польскае Радыё Лідара «Моладзі БНФ» Юрыя Лукашэвіча адлічылі з гістарычнага факультэта БДУ вясной 2017 году. Пра гэта яму напярэдадні паведамілі ў дэканаце — за тыдзень першакурсніку зрабілі адразу дзве пісьмовыя вымовы.

Кіраўніцтва факультэта звярнула на яго ўвагу напачатку лютага. Якраз у гэты момант ён пачаў актыўна выступаць у СМІ, распавядаць пра дзейнасць «Моладзі БНФ» і каментаваць супрацьстаянне абаронцаў Курапат з будаўнікамі бізнэс-цэнтра на вуліцы Мірашнічэнкі.

Амаль праз год была адлічана з факультэта журналістыкі БДУ і Ганна Смілевіч - новая кіраўніца “Моладзі БНФ”.

- Вядома, што лічу гэта палітычным адлічэннем, - кажа Юрась Лукашэвіч. - Не вельмі складана ўбачыць тэндэнцыю - за 13 год з ВНУ адлічылі ўсіх кіраўнікоў "Моладзі БНФ". Думаеце, што гэта простае супадзенне? Што датычыцца Ганны Смілевіч, то чамусьці праблем з вучобай у яе не ўзнікала на 1-м курсе. Але, як толькі яе абралі на пасаду кіраўніка “Моладзі БНФ”, то адразу ў Ганны рэзка пагоршылася вучоба.

Акрамя таго, трэба казаць і пра пытанне падвоеных стандартаў. Чаму, напрыклад, для актывістаў "Моладзі БНФ" правілы працуюць, а для актывістаў БРСМ ці іншых структур не? То бок, адным дазволена пераздаваць па 4 экзамены, не хадзіць на заняткі і г.д, а іншыя павінны бездакорна ўсё выконваць? Гэта, натуральна, не павінна быць апраўданнем, і тым не менш…

Я ведаю, што Ганна сама да апошняга не ведала, ці мэтанакіравана ёй выстаўляюць нізкія ацэнкі, але калі перад апошнім экзаменам пачаліся размовы пра КДБ… Дарэчы, чамусьці пра гэта ніводнае СМІ не пытае ў выкладчыкаў. Усё гэта ў сукупнасці дае падставу для таго, каб казаць, што гэта палітычна матываванае адлічэнне.

- Але ж у выкладчыкаў ёсць свае аргументы - маўляў, у студэнткі слабыя веды…

- Адна выкладчыца кажа, што студэнтка робіць граматычныя памылкі, і ў той жа час Ганна здае цэнтральнае тэсціраванне па рускай мове на 96 балаў. У такім выпадку альбо ёсць праблемы з усёй сістэмай ЦТ, альбо абвінавачванні смешныя. А з дыктафонам, які выкладчыца схавала, каб запісаць студэнтку, увогуле атрымліваецца непрыемная сітуацыя. Гэта зрабіла чалавек, які выкладае прафесійную этыку! У такім выпадку можна меркаваць, што і на самай справе была замова па адлічэнні Смілевіч, калі ўжо дыктафон спецыяльна падрыхтавалі. Відаць, ведалі, што будзе скандал. Зразумела, што Ганна - не самы ідэальны студэнт, але ж відавочна, што гэтым скарысталіся, каб пазбавіцца ад яе на журфаку. Універсітэтамі сёння кіруюць ідэолагі.

- Калі параўноўваць адлічэнне Ганны і ваша, то ці можна знайсці нешта агульнае?

- Мяне таксама адлічылі пасля афіцыйнага абрання на пасаду старшыні “Моладзі БНФ”. Праблемы пачаліся менавіта пасля гэтага. Праўда, на сесіі не змаглі “заваліць”, бо выкладчыкі не пайшлі на гэта. І тады зачапіліся за прагулы, хаця і гэтага аказалася не дастаткова. Але, у рэшце рэшт, выйсце знайшлі. Я быў заўважаны ў Курапатах, склалі пратакол, даслалі яго ва ўніверсітэт. За два дні зрабілі дзве вымовы і аўтаматычна адлічылі. Пасля былі суды, а на судзе яшчэ і 15 сутак адміністрацыйнага арышту далі. Зараз маю паўторную скаргу дагэтуль не разглядаюць і аднавіць таксама не жадаюць.

- На ваш погляд, чаму такая асаблівая ўвага да лідараў Моладзі БНФ” з боку кіраўніцтва ВНУ?

- Напэўна, баяцца, каб актывісты не кантактавалі са студэнтамі. У дадатак зараз “Моладзь БНФ” на слыху, бо гэта фактычна адзіная “жывая” моладзевая арганізацыя. Калі ты навучаешся са студэнтамі, то, безумоўна, яны цікавяцца і тваім грамадска-палітычным жыццём. У той жа час, мяркую, такія выключэнні носяць не масавы характар. Яны - кропкавыя. Каб паказаць астатнім, што будзе з імі, калі нехта стане актыўнічаць і адступацца ад “палітыкі партыі”.

- Што ў такой сітуацыі рабіць актывістам у плане вучобы? Можа трэба і праўда больш адказна ставіцца да сваіх ведаў, каб не было да чаго дачапіцца?

- Калі захочуць адлічыць, то заўсёды знойдуць метады, як гэта можна зрабіць. Будзе загад - будзе адлічэнне. Безумоўна, трэба добра вучыцца і больш адказна ставіцца да вучобы. Але ў той жа момант трэба змагацца за свае правы, паказваць, што наша сістэма адукацыя мае вялікія праблемы. Адсутнічае рэальнае самакіраванне, акадэмічныя свабоды… Але, як мне падаецца, не варта баяцца адлічэння. Жыццё на гэтым не заканчваецца. Наадварот - адкрываецца шмат новых магчымасцяў, якія беларускія ВНУ ніколі не дадуць.

Крыніца: Юрась Лукашэвіч: Універсітэтамі кіруюць ідэолагі