Як паведаміў сайту palitviazni.info актывіст Вячаслаў Касінераў, які лістуецца са Зміцерам Паліенкам, палітвязень не атрымаў дасланыя яму паштоўкі.
"Зміцер паведамляе, што зараз асаблівага ціску з боку адміністрацыі калоніі на яго няма. Але ёсць іншая праблема. Яшчэ ў мінулым годзе мы зладзілі акцыю па падтрымцы палітвязня і заклікалі ўсіх, хто мае жаданне падтрымаць Зміцера маральна, пісаць яму лісты. Дык вось дакладна вядома, што з тых 150 паштовак, што былі дасланы Паліенку, ніводная з іх не дайшла”, - кажа Вячаслаў Касінераў.
Са слоў суразмоўцы, лісты даходзяць вельмі кепска, і асабіста ён апошнім часам вымушаны дасылаць карэспандэнцыю з замовай.
“У такім выпадку можна дакладна прасачыць, што лісты паступілі ў калонію, – дадае Вячаслаў. – Дарэчы, такая ж сітуацыя і ў хлопцаў, якія адбываюць пакаранне па “справе антыфашыстаў”. Напрыклад, месяцамі пошта “маўчыць”, а пасля мы пішам замоўны ліст, і яго аддаюць вязням. Відаць, у такім выпадку адміністрацыя разумее, што могуць пачацца скаргі, а таму лісты аддаюць па прызначэнні. Хаця і іх – з затрымкамі. Калі ж адпраўляеш па пошце звычайны ліст, тая ж адміністрацыя заўсёды можа спаслацца, што, маўляў, карэспандэнцыя “згубілася ў дарозе”.
Вячаслаў Касінераў дадае, што Зміцер Паліенка трымаецца бадзёра:
“Ён увогуле – пазітыўны чалавек. Распавёў, што адсвяткавалі Новы год па турэмных правілах – быў торт і іншыя прысмакі, можна было глядзець ноччу тэлевізар… І яшчэ – ён вельмі шмат чытае ў калоніі, а таму перадаем яму па магчымасці літаратуру”.
Нагадаем, Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.