Акцыя пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота. Суд Ленінскага раёна Мінска 9 чэрвеня вынес прысуд жыхару Барысава Вячаславу Ласю, абвінавачагага ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч.1. арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Юлія Шут.

Па матэрыялах абвінавачання, Вячаслаў Лось у адзін з восеньскіх дзён 2020 года, з 14 гадзін да 19 гадзін, знаходзячыся ў Мінску на праезнай частцы вуліц у раёне праспекта Машэрава і прылягаючых вуліцах, "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады - супрацоўнікаў АУС, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, далучыўся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў супрацьпраўных дзеяннях”.

Вячаслаў Лось, выкарыстоўваючы ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, стаяў і рухаўся па праезнай часткі вуліц, блакаваў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго адбылося парушэнне і спыненне працы грамадскага транспарту.

Дапытаны ў судовым пасяджэнні абвінавачаны Лось віну ў здзяйсненні інкрымінаванага злачынства прызнаў цалкам, а матэрыяльны пазоў КУП “Мінсктранса” – часткова.

Суду патлумачыў, што прыехаў па асабістых справах на вуліцу Ціміразева, дзе прыпаркаваў аўтамабіль, паколькі далей рух быў абмежаваны супрацоўнікамі АУС. Далей, убачыў натоўп людзей, якія рухаўся па праезнай частцы, у якіх у руках былі бел-чырвона-белыя сцягі, людзі пляскалі ў ладкі і выкрыквалі лозунгі. Аб наяўнасці дазволу на правядзення гэтага мерапрыемства на той момант не задумваўся. Патрабаванняў супрацоўнікаў АУС аб спыненні ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, аб неабходнасці пакінуць праезную частку і разысціся, не чуў.

Адвінавачанне лічыць, што неабвержным доказам вінаватасці Лася з'яўляецца фотаздымак, які паказаў акалічнасці ўчыненых абвінавачаным дзеянняў. Суд пастанавіў прызнаць Вячаслава Лася вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.

Аўтамабіль абвінавачанага пакінуты пад арыштам да поўнага спагнання матэрыяльнага зыску транспартнікаў.

Абвінавачанага вызвалілі ў залі суда.

Крыніца: Апазналі па фота і пакаралі "хатняй хіміяй" чарговага ўдзельніка акцый пратэсту 2020 года.